Уладзімір Кавалкін: Вяртаемся ў сітуацыю беднасці канца 90-х



Кіраўнік праекта “Кошт ураду” Уладзімір Кавалкін распавядае пра тое, як фарміруюцца цэны на паслугі ЖКГ, і ці “пацягнуць” беларусы новыя тарыфы.

Да канца 2018 года беларусы будуць аплачваць 100% «камуналкі». Пра гэта заявіў днямі міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі.

Як вызначаюцца новыя тарыфы? І ці можна ў гэтым выпадку казаць пра празрыстасць?

Уладзімір Кавалкін: Нельга, безумоўна, казаць, пра поўную празрыстасць па той простай прычыне, што ў нас ёсць адзіны манапаліст у гэтай сферы, які і фарміруе кошты. Людзям застаецца толькі верыць, што ўсе тарыфы падлічаны правільна.

РР: Раней чыноўнікам ставілася задача, каб паслугі ЖКГ сталі празрыстымі. Якім чынам гэтага можна дасягнуць?

Уладзімір Кавалкін: Перш за ўсё неабходна стварыць канкурэнцыю ў гэтай сферы. Каб людзі разумелі, што ёсць альтэрнатыўныя магчымасці, і ў таго ці іншага канкурэнта паслугі больш танныя. Гэта нармальны рынкавы падыход. Па-другое, трэба агалошваць бюджэты саміх арганізацый ЖКГ – іх прыбыткі і выдаткі, бо па “жыроўках” зрабіць нейкія высновы вельмі складана. Так, можна запісаць некалькі новых артыкулаў, унесці туды лічбы… Але верыць ці не верыць гэтым лічбам – пытанне толькі веры, а не таго, што можна праверыць.

РР: Да канца 2018 года беларусы будуць аплачваць 100% «камуналкі». Гэта, як кажуць, не пустыя словы?

Уладзімір Кавалкін: Хутчэй за ўсё, гэта адно з патрабаванняў МВФ у сувязі з магчымым атрыманнем Беларуссю крэдыта. Таму, каб атрымаць грошы, беларускія ўлады так і зробяць.

РР: Ці “пацягнуць” беларусы новыя тарыфы?

Уладзімір Кавалкін: На сёняшні дзень можна казаць, што гэтыя тарыфы яшчэ застаюцца пад’ёмнымі. Натуральна, мы яшчэ не дасягнулі ўзроўню суседзяў. Калі браць мінулы год, то беларусы плацілі за паслугі ЖКГ 5,5 адсоткаў ад заробкаў. З павышанымі тарыфамі будуць плаціць 10-12 адсоткаў ад прыбытку хатняй гаспадаркі. Для параўнання – у Расеі гэта ўжо даўно адбылося. Іншая справа, што людзям гэта, безумоўна, не спадабаецца. Народ заплаціць за “камуналку”, прадукты харчавання, адзенне і зберажэнняў практычна не застанецца. Мы вяртаемся ў сітуацыю беднасці канца 90-х.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя