Уладзімір Кавалкін: заявы пра заробак у 500 даляраў – гэта піяр



Кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін патлумачыў, чаму бліжэйшым часам у беларусаў не будзе падвышэння заробкаў.

2_kov

Аляксандр Лукашэнка даручыў у 2017 годзе давесці сярэдні заробак беларусаў да 500 даляраў. Але адна справа – даручыць і зусім іншая – выканаць. Што будзем мець у выніку?

Уладзімір Кавалкін: На мой погляд, гэта чарговая піяр-акцыя. З гэтай жа “оперы” мы чулі на мінулым тыдні і заявы пра тое, што трэба скараціць дзяржаўны апарат. На самай справе ва ўрада ёсць дакладны план дзеянняў па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі ў краіне, які ўзгоднены з Міжнародным валютным фондам. У Нацбанка таксама ёсць план па рэгуляванні грашовай масы, і я не думаю, што ён адмовіцца ад той палітыкі, якую прытрымліваўся два гады запар, і якая ўжо пачынае даваць эфекты. Ды і ўрад наўрад ці будзе адмаўляцца ад сваіх распрацаваных планаў, у абмен на рэалізацыю якіх ад МВФ можна атрымаць крэдыты.

РР: Тады на каго разлічаны такія заявы пра 500 даляраў?

Уладзімір Кавалкін: Думаю, тут усё проста. Ва ўлады назіраецца крызіс ідэй, а эканоміка абвальваецца другі год. І яны абсалютна не разумеюць, што з гэтым рабіць далей, адчуваюць, што ніякім чынам не кантралююць сітуацыю. Таму і пачаліся, як кажуць, старыя песні пра галоўнае ў стылі старога савецкага папулізма. Заявы разлічаны толькі на піяр.

РР: А калі чыноўнікі кінуцца выконваць даручэнне?

Уладзімір Кавалкін: Нават калі ва ўрад прыйдзе нейкае даручэнне, мне падаецца, што той жа ўрад будзе яго тармазіць і выконваць, хутчэй за ўсё, не будзе. Калі ж усё-такі вырашаць давесці сярэдні заробак да 500 даляраў, краіну чакае чарговая дэвальвацыя (адсоткаў на 50-70) і вяртанне затым ізноў да сярэдняга заробка ў 350-370 даляраў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя