Унутраны дзяржаўны доўг Беларусі пабіў рэкорд усіх часоў
Чыноўнікі абнавілі інфармацыю пра стан беларускага дзяржаўнага доўгу. Зноў не абышлося без рэкордаў.
Па стане на 1 красавіка 2021 года ўнутраны дзярждоўг склаў 11,763 млрд BYN і гэта максімальнае значэнне за перыяд публікацыі дадзеных па гэтым паказчыку, адзначае партал banki24.by. Папярэдні рэкорд па ўнутраным дзярждоўгу пратрымаўся ўсяго месяц.
Беларуская дзяржаўная запазычанасць моцна валютызаваная. Практычна ўвесь знешні дзярждоўг намінаваны не ў беларускіх рублях.
Доля рублёвай кампаненты ва ўнутраным дзярждоўгу таксама нізкая — каля 11,8% на 1 красавіка. Таму паслабленне беларускага рубля да долара, еўра, юаня або расійскага рубля аўтаматычна вядзе да павелічэння дзяржаўнай запазычанасці ў «зайчыкавым» кампаненце.
У красавіку Беларускі рубель крыху ўмацаваўся да часткі валют. У сувязі з гэтым рэкорд па суме доўгу на 1 мая наўрад ці будзе пабіты. Затое працяг дэвальвацыі адкрывае дарогу да пабіцця старых рэкордаў.
Унутраны дзярждоўг у выпадку Беларусі сінанімічны выпускам аблігацый Мінфіна. На 1 красавіка абавязацельствы па гэтых выпусках складалі 2,714 млрд USD, 1,030 млрд EUR, 147,4 млн RUB і 1,380 млрд BYN.
Знешні дзярждоўг Мінфін дае ў доларавым эквіваленце. Да 1 красавіка ён дасягнуў 18,123 млрд USD. Для параўнання: на 1 красавіка знешні дзярждоўг быў роўны 16,634 млрд USD, на 1 красавіка 2014 года — 12,131 млрд USD. Атрымліваецца, што за 7 гадоў знешні дзярждоўг вырас амаль у паўтара раза.
У параўнанні з ВУП Беларусі знешні дзярждоўг склаў 30,4%, унутраны — 7,5%. Такім чынам, дзярждоўг у нацыянальным вызначэнні склаў 37,9% ад ВУП краіны.
Годам раней (1 красавіка 2020-га) суадносін дзярждоўгу і ВУП былі больш спрыяльнымі для ўладаў — 25,5% і 6,3%. А на 1 красавіка 2014 года знешні дзярждоўг быў роўны 15,8% ВУП, унутраны — 5%.
Пагаршэнне паказчыкаў звязана з дэвальвацыяй беларускага рубля і моцнай валютызацыяй дзярждоўгу. Пасля чарады крызісаў беларуская эканоміка да гэтага часу далёкая ад ўзору 2014 года. Тады ВУП склала 78,9 млрд USD у эквіваленце. За 2020 год ВУП Беларусі склаў 60,4 млрд USD, а па выніках 2021 года паводле афіцыйных прагнозаў можа дасягнуць 61,7 млрд USD.
Відавочна, што да адзнакі 2014 года яшчэ вельмі далёка. Па беларускай методыцы ў дзярждоўг не ўключаюць дзяржаўныя гарантыі. Аднак гэта робяць міжнародныя арганізацыі тыпу МВФ, Сусветнага банка і ЕАБР. З улікам гарантый дзярждоўг Беларусі на 1 красавіка склаў 67,4 млрд BYN, або 43,1% ад ВУП.