Упраўленні Нацбанка ў рэгіёнах спыняць продаж залатых зліткаў і брыльянтаў



Упраўленні Нацыянальнага банка ў рэгіёнах Беларусі спыняць продаж памятных манет і банкнот, зліткаў каштоўных металаў і брыльянтаў.

„З 1 лістапада 2018 года ў галоўных упраўленнях Нацыянальнага банка па Берасцейскай (Берасце, Баранавічы, Пінск), Віцебскай (Віцебск, Полацак), Гомельскай (Гомель), Гарадзенскай (Гародня) і Магілёўскай (Магілёў, Бабруйск) абласцях спыняецца здзяйсненне аперацый куплі-продажу памятных банкнот, памятных і зліткавых (інвестыцыйных) манет, мерных зліткаў з каштоўных металаў, футаралаў да іх, а таксама атэставаных брыльянтаў з удзелам фізічных асоб”, — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

Як адзначаецца, гэта будзе зроблена „ў сувязі з праведзенай аптымізацыяй функцый і структуры Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь”.

Названыя аперацыі з лістапада будуць ажыццяўляцца ў Нацыянальным банку ў Менску па вул. Талстога, 6, а таксама ў падраздзяленнях камерцыйных банкаў.

belapan.by