Урад абмяжоўвае вываз з Беларусі некаторых харчовых тавараў
Урад абмяжоўвае вываз з Беларусі некаторых харчовых тавараў, паведамляе прэс-служба Саўміна. Прыняцце пастановы тлумачыцца абаронай унутранага рынку.
Пад абмежаванні трапілі мука, крупы, цукар, соль, макаронныя вырабы. Іх можна вывозіць за межы ЕАЭС не больш як 1 кілаграм.
Вываз расліннага алею абмежаваны 1 літрам, мясныя, малочныя і рыбныя кансервы — 3 бляшанкамі (за выключэннем кансерваў для дзіцячага харчавання).
Паведамляецца, што пад гэтае абмежаванне не трапяць тавары, купленыя ў крамах бяспошліннага гандлю, размешчаных у пунктах пропуску праз дзяржмяжу Беларусі.
Пры гэтым аблвыканкамы могуць дазваляць вываз пералічаных тавараў без абмежаванняў у асобных выпадках.
Цікава, што вываз мукі, крупаў, макаронаў, цукру ды іншых прадуктаў ужо быў забаронены пастановамі Саўміна ў сакавіку — на тры месяцы.
Фота: blizko.by