Урад бачыць „вельмі вялікі рэзерв” для зніжэння затрат у ЖКГ



Адной з галоўных задач у 2019 годзе перад арганізацыямі сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе зніжэнне выдаткаў, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў на пасяджэнні калегіі Мінжылкамгаса 1 лютага.

„Мы бачым вельмі вялікі рэзерв у жыллёва-камунальнай гаспадарцы для зніжэння выдаткаў. Трэба зрабіць усё для таго, каб знізіць выдаткі. Натуральна, гэта будзе адбівацца на тарыфах для насельніцтва”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Саўміна.

Акрамя таго, паводле яго слоў, удасканальваюцца падыходы да капітальнага рамонту. Падрыхтаваны праект указа кіраўніка краіны аб сумесным з насельніцтвам правядзенні цеплавой мадэрнізацыі. Сярод задач таксама замена ліфтаў у жылфондзе і перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва.

belapan.by