Урад Беларусі падоўжыў на паўгода забарону на вываз некаторых тавараў
Урад Беларусі падоўжыў на шэсць месяцаў часовую забарону на вываз за межы краіны некаторых прамысловых тавараў. Гэта вынікае з пастановы, якая апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У пераліку — каля 250 пазіцый, у тым ліку медыцынскія вырабы (да прыкладу, гіпс і матэрыялы для лячэння зубоў), інструменты і абсталяванне (ад алмазных шкларэзаў да турбін і экскаватараў), бытавая тэхніка (халадзільнікі, пыласосы, электрабрытвы і многае іншае).
Забарона закранула таксама матацыклы, ровары і дзіцячыя вазкі, а таксама камп’ютары і смартфоны. Упершыню забарона на вываз тавараў была ўведзеная ў сакавіку мінулага года, пазней яна прадаўжалася.
Ва ўрадзе тады тлумачылі, што абмежаванні ўвялі для абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы. Пры гэтым забарона на вываз не распаўсюджваюцца на тавары, вырабленыя ў Беларусі і Расеі, а таксама асабістыя рэчы грамадзян.