Урад Беларусі зацвердзіў пагадненне пра выдзяленне расейскага дзяржкрэдыту



Пастановай Савета міністраў Беларусі ад 5 верасня 2017 года № 672 зацверджана пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Федэрацыі, падпісанае ў Маскве 30 жніўня 2017 года, аб выдзяленні ўраду Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, Міністэрству замежных спраў даручана накіраваць паведамленне аб выкананні Беларуссю ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўваходжання ў сілу названага пагаднення.

Нагадаем, распараджэнне ўрада РФ аб ухваленні адпаведнага праекта пагаднення аб выдзяленні Беларусі дзяржаўнага крэдыту на 700 млн даляраў было падпісанае 19 жніўня.

Крэдыт выдаецца на 10 гадоў. Сродкі будуць пададзеныя ў расейскіх рублях і прызначаныя для рэфінансавання абавязацельстваў Беларусі перад Расеяй па раней атрыманай міждзяржаўнай пазыцы. Крэдыт будзе пагашацца двума штогадовымі траншамі, у красавіку і кастрычніку, пачынаючы з 2018 года.

Сродкі крэдыту будуць пералічаныя не пазней за 15 каляндарных дзён з даты ўваходжання пагаднення ў сілу. У беларускім Міністэрстве фінансаў заявілі, што чакаюць паступлення крэдыту на працягу верасня.

Пра наяўнасць дамоўленасці выдзеліць Беларусі міждзяржаўны крэдыт на 700 млн даляраў было заяўлена ў пачатку красавіка па выніках сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі 4 красавіка паведаміў, што Расея рэфінансуе пазыкі Беларусі ў 2017 годзе. „Мы гаворым аб рэфінансаванні доўгу, які мусім пагасіць у рамках нашых міждзяржаўных крэдытаў па бягучым годзе. Гэта каля 750-800 млн — асноўны доўг і сума працэнтаў да пагашэння сёлета”, — растлумачыў віцэ-прэм’ер.

Як паведамлялася, плацяжы Беларусі па знешнім і ўнутраным дзяржаўнага доўгу ў бягучым годзе складаюць каля 3,5 млрд даляраў. З іх на плацяжы па знешнім доўгу накіроўваецца 1,8 млрд долараў, ўнутраным — 1,7 млрд. Самыя буйныя сумы ў кошт пагашэння знешняга дзярждоўгу сёлета Беларусь павінна пералічыць Расеі (741,3 млн даляраў), Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця (487,9 млн) і Кітаю (381,7 млн).

belapan.com