Урад дасць Сусветнаму банку гарантыю ў пагашэнні пазыкі на 60 млн долараў



Урад Беларусі падасць Сусветнаму банку гарантыю ў пагашэнні знешняй пазыкі, якая выдаецца адкрытаму акцыянернаму таварыству „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” у суме 60 млн долараў ЗША на фінансаванне праекта „Пашырэнне доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь”, а таксама ў выплаце працэнтаў і іншых плацяжоў у адпаведнасці з умовамі гарантаванай пазыкі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 14 снежня № 957, паведамляе прэс-служба ўрада.

Нагадаем, у кастрычніку 2017 года Сусветны банк выдзеліў ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” пазыку ў 60 млн долараў для рэалізацыі новага праекта „Пашырэнне доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь”. Праграма супрацоўніцтва Банка развіцця з Сусветным банкам разлічаная на 15 гадоў, у межах якіх суб’екты малога і сярэдняга бізнесу з пачатку 2018 года могуць атрымліваць крэдытныя рэсурсы ў замежнай валюце (доларах ЗША).

Мэтай праекта з’яўляецца пашырэнне доступу суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу да даступных доўгатэрміновых валютных крэдытаў. Рэалізацыя гэтага праекта будзе ажыццёўленая з дапамогай банкаў-партнёраў. БелаПАН