Урад і Нацбанк рыхтуюць план мер для паскоранага росту эканомікі



Урад і Нацыянальны банк рыхтуюць план сістэмных мер для паскоранага росту эканомікі Беларусі, паведаміў 5 лістапада прэм’ер-міністр Сяргей Румас падчас сустрэчы з дэпутатамі па абмеркаванні праекта закона аб бюджэце на 2020 год.

„У адпаведнасці з рашэннем кіраўніка дзяржавы ў найбліжэйшы час урадам сумесна з Нацыянальным банкам будзе зацверджаны план сістэмных мер, якія фарміруюць умовы для паскоранага росту эканомікі Беларусі”, — цытуе Румаса прэс-служба ўрада.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, прадугледжаныя планам меры накіраваны на павышэнне эфектыўнасці працы дзяржаўных арганізацый, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, стымуляванне прытоку інвестыцый, задзейнічанне невыкарыстоўваных рэзерваў эканамічнага росту.

„Рэалізацыя прапанаваных мер запланаваная ў 2020 годзе. Пераважна яны носяць сярэднетэрміновай характар і фарміруюць умовы, неабходныя для ўстойлівага, збалансаванага і дынамічнага росту ў наступны пяцігадовы перыяд”, — дадаў Румас.

Ён таксама заявіў, што для дасягнення BBП у 100 млрд долараў ЗША патрэбныя структурныя змены. „Кіраўнік дзяржавы паставіў нам задачу да канца наступнай пяцігодкі дасягнуць ВУП у 100 млрд долараў. Я вымушаны прызнаць, што сёння пакуль урад дрэнна працуе над выкананнем гэтай задачы”, — сказаў Румас.

Паводле яго слоў, нягледзячы на ўсе намаганні, эканоміка расце не тымі тэмпамі. Прэм’ер-міністр лічыць справядлівай крытыку ўрада з гэтай нагоды.

Румас адзначыў, што ёсць розныя сцэнары, нават з улікам не вельмі добрага 2019 года, якімі павінны быць тэмпы росту эканомікі, каб выканаць гэту задачу.

„Сёння відавочна, што эканоміка ў цяперашнім яе стане, традыцыйная эканоміка, не здольная генераваць такі ВУП. Мабыць, нам у наступнай пяцігодцы спатрэбіцца вялікая праца па структурных зменах, каб мы стварылі новыя галіны эканомікі, новыя вытворчасці, якія дазволяць гэтага дасягнуць”, — лічыць кіраўнік урада.

Варта адзначыць, што па выніках дзевяці месяцаў 2019 года рост эканомікі Беларусі запаволіўся да 1%. Пры гэтым афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжвае рост ВУП на 4% і пакуль не пераглядаўся. На вераснёўскай нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада выканаць афіцыйны прагноз на гэты год.

„Не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя — ад прэм’ер-міністра — пойдзеце на спачын. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by