Урад Літвы пачаў працэдуру скасавання дамовы з «Беларуськаліем» з 1 лютага
У сераду 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэнне спецыяльнай камісіі, у якой пагадненне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем», якое стала прычынай скандалу, было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы. Пра гэта пасля сустрэчы паведаміў міністр транспарту і камунікацый Марыюс Скуодзіс, якога цытуе Delfi.lt. Міністр сказаў, што да 1 лютага павінны спыніцца перавозкі ўгнаенняў чыгуначным транспартам, бо для гэтага ўжо няма прававой базы.
Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзіт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаенняў, якія не хочуць плаціць па завышаных цэнах. Сумы пазоваў, па словах Саўчанкі, могуць дасягаць «мільярдаў еўра». Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзітныя зносіны з Літвой, і тады «Літоўская чыгунка застанецца без працы». Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу прыгразіў Літве перакрыццём транзіту тавараў з Украіны.