Урад Літвы сфармуе камісію па блакаванні паставак электраэнергіі з БелАЭС



Урад Літвы 13 студзеня прыняў рашэнне аб фармаванні камісіі, якая зоймецца каардынацыяй і забеспячэннем эфектыўнай сінхранізацыі энергасістэмы, павышэннем надзейнасці і бяспекі электрасеткі, а таксама мерамі па зніжэнні пагроз, што зыходзяць ад Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць).

Як паведамляецца на сайце літоўскага ўрада, у склад камісіі, якую ўзначаліць прэм’ер-міністр Інгрыда Шыманіце, увойдуць міністры энергетыкі, навакольнага асяроддзя, фінансаў, транспарту і сувязі, замежных спраў, сельскай гаспадаркі, а таксама прадстаўнікі Дзяржсавета па рэгуляванні энергетыкі (VERT), Дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы ядзернай энергетыкі (VATESI), генеральныя дырэктары энергетычных кампаній Epso-G, Ignitis Group і Litgrid.

„Відавочна, што прынятых Літвой мер па прадухіленні паступлення электраэнергіі ў Літву з Астраўца недастаткова, — цытуе прэс-служба ўрада міністра энергетыкі Дайнюса Крэйвіса. — Гэта яшчэ раз даказвае неабходнасць працаваць над абсалютнай блакадай Астраўца і павышаць нашу энергетычную незалежнасць і бяспеку электрасетак”.

„Фармат камісіі, па-першае, дапаможа нам прыняць неабходныя рашэнні, каб забяспечыць больш плаўны і хуткі працэс рэалізацыі праектаў па сінхранізацыі энергасістэмы, а па-другое, дазволіць нам прымаць рашэнні такім чынам, каб небяспечная электраэнергія, якая вырабляецца на Астравецкай АЭС, не трапляла ў Літву і каб літоўскія спажыўцы за гэта не плацілі”, — растлумачыў чыноўнік.

У адпаведнасці з пастановай прэм’ер-міністра ў Літве таксама будзе створаная рабочая група на чале з міністрам энергетыкі, якая зоймецца падрыхтоўкай прапаноў па пазіцыі Літвы адносна гандлю электраэнергіяй з Беларуссю.

11 студзеня Дайнюс Крэйвіс паведаміў, што ў канцы студзеня — пачатку лютага павінен з’явіцца ўзгоднены літоўскімі ведамствамі план дзеянняў па абсалютнай блакіроўцы паступлення электрычнасці з БелАЭС. „Дзяржаўны савет па рэгуляванні энергетыкі даў зразумець, што электрычнасць, якая сёння паступае ў Літву, ідзе з Беларусі — таргуецца на Рыжскай фондавай біржы, — сказаў ён. — Апошнія два тыдні мы працуем з тэхнічнымі дадзенымі — па электразабеспячэнні і фізічных патоках [электраэнергіі]. Мы прааналізавалі сітуацыю не толькі ў Літве, але і ў Беларусі, розныя аперацыі беларускіх электрастанцый, моманты іх адключэння, патокі ў Літву, Беларусь, краіны Балтыі. Магу сказаць, што гэтыя звесткі <…> паказваюць, што электраэнергія з БелАЭС паступае ў Літву, прадаецца, і мы яе спажываем”.

„Факт застаецца фактам: латвійцы гандлююць беларускай электраэнергіяй”, — падкрэсліў Крэйвіс.

Беларуская АЭС будуецца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць), недалёка ад мяжы з Літвой, за кошт крэдыту Расіі па расійскім праекце ВВЭР-1200. Генеральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам будавання станцыі выступае кампанія „АСЭ”, якая ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі „Расатам”.

Выпрацоўка электраэнергіі на першым блоку БелАЭС пачалася 3 лістапада мінулага года. 21 снежня Мінэнерга Беларусі паведаміла аб заканчэнні этапу энергетычнага пуску блока і пераходзе да этапу яго доследна-прамысловай эксплуатацыі, у канцы якога блок выведуць на 100% магутнасці.

У адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі ажыццявіць увод у эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС загадана ў 2021 годзе (без пазнакі канкрэтнага месяца, квартала або паўгоддзя), а двухблочнай атамнай станцыі ў цэлым — у першай палове 2022 года.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з’яўляецца Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

У пачатку лістапада Літва на падставе „антыастравецкага” закона заблакавала магчымасць камерцыйных паставак беларускай электрычнасці ў сувязі з энергетычным пускам БелАЭС. Гэта адзіная краіна Еўрасаюза, праз тэрыторыю якой беларуская электрычнасць магла наўпрост паступаць на электраэнергетычны рынак ЕС. Разам з тым у Літве асцерагаліся, што беларуская электрычнасць стане паступаць на рынак краін Балтыі і ЕС з Расіі праз Латвію.

Латвія, салідарызаваўшыся з Літвой, афіцыйна адмовілася ад куплі электраэнергіі з Беларусі. У прыватнасці, у краіне быў зацверджаны механізм, які абавязвае Расію, у якой ёсць электраэнергетычныя сувязі з Беларуссю, даказваць небеларускае паходжанне экспартаванай з РФ у Латвію электрычнасці.

belapan.by

Фота: Тут.бай