Урад павялічыў удвая дзяржзамову на грэчку



Урад удвая павялічыў дзяржзамову на грэчку. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада № 625 ад 30 красавіка, апублікаванай сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Гэтым дакументам унесеныя змены ў пастанову № 903 ад 24 снежня 2019 года „Аб пастаўцы (закупцы) сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб на 2020 год”.

Паводле новай пастановы дзяржзамова на грэчку павялічаная з 15 да 30 тыс. тон. Такім чынам агульны аб’ём збожжа па дзяржзамове вырас з 796,8 тыс. тон да 811,8 тыс. тон.

Павялічыўшы вытворчасць у краіне грэчкі, Беларусь цалкам забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку ў гэтых крупах і нават зможа экспартаваць іх, заявіў 22 красавіка ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1” начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў.

Наведваючы 3 красавіка Смалявіцкі раён Менскай вобласці, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся павялічыць вытворчасць грэчкі. Даручэнне звязанае з тым, што ў Беларусі для ўнутранага спажывання вырошчваецца прыкладна палова неабходнага аб’ёму грэчкі, астатняе імпартуецца з Расеі, аднак „цяпер з’явіліся пэўныя цяжкасці з пастаўкамі”.

„Трэба вырошчваць грэчку, якая б ні была ў нас тут ураджайнасць, — заявіў Лукашэнка. — Глебаў хапае, трэба падабраць глебы адпаведныя, дзе можна вырошчваць грэчку. Трэба вывучыць добра гэтую культуру, каб не пальцам у неба тыкаць і вырошчваць, высейваць на глебах, якія непрыдатныя, тэхналагічна ўсё выканаць. І атрымаем тыя ж аб’ёмы. Ну не хоча Расея з намі супрацоўнічаць па грэчцы, мы самі яе павінны вырабляць! Што тут за праблема? Не так шмат яе і трэба”.

belapan.by