Урад прапаноўвае „Беларусбанку” дараваць даўгі пяці сельгаспрадпрыемствам



 Падкантрольны дзяржаве найбуйнейшы айчынны банк „Беларусбанк” можа дараваць даўгі пяці сельскагаспадарчым арганізацыям. Гэта вынікае з пастановы ўрада № 98.

У дакуменце гаворыцца, што прадстаўнікі дзяржавы ў органах кіравання „Беларусбанка” будуць выступаць за вызваленне „ад маёмаснага абавязку па пагашэнні запазычанасці па крэдытных дагаворах” пяці сельгаспрадпрыемстваў. Да іх аднесеныя „АСБ-Агра Наватар”, эксперыментальная база „Тулава”, ААТ „Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў”, унітарныя прадпрыемствы „Ліпаўцы” і „Лаўжанскае”. Сумарна іх даўгі, якія ўрад прапануе дараваць, складаюць амаль 18 млн рублёў.

Афіцыйныя статыстычныя звесткі сведчаць, што ў сістэме Мінсельгасхарча як мінімум 100 сельгаспрадпрыемстваў (7,4% ад агульнай колькасці) знаходзіліся ў 2020 годзе ў складаным фінансавым становішчы, якое не дазваляла разлічвацца па даўгах. Паводле вынікаў мінулага года чыстая страта гэтых сельгаспрадпрыемстваў склала 185,3 млн рублёў.

Варта адзначыць, што 311 сельгасарганізацый Мінсельгасхарча (23% ад агульнай колькасці) паводле вынікаў мінулага года з’яўляліся нерэнтабельнымі.

Наведваючы два гады таму Магілёўскую вобласць, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму дзяржава не ліквідуе, а падтрымлівае слабыя сельгаспрадпрыемствы.

„Без стратных гаспадарак мы лёгка можам жыць і працаваць, таму што частка мадэрнізаванай сельскай гаспадаркі дае нам поўнае спажыванне малака ўнутры краіны і на экспарт. Таму мы без тых 20-25% слабых гаспадарак, якія ў нас яшчэ ёсць, наогул можам абысціся ў плане вытворчасці прадукцыі. Але там жа жывуць нашы людзі, там жа ёсць глеба, зямля, якую трэба апрацоўваць. Таму мы не кідаем гэтыя гаспадаркі, вёскі і людзей, а падымаем іх”, — заявіў Лукашэнка.

З іншага боку, выступаючы ў лютым гэтага года на Усебеларускім народным сходзе, Лукашэнка раскрытыкаваў арганізацыі АПК за тое, што яны неэфектыўна і „кепска” працуюць на зямлі. „Нам трэба ўзмацніць дысцыпліну землекарыстання: мы яшчэ кепска ў многіх гаспадарках ставімся да зямлі… Для сельскагаспадарчых кааператываў, калгасаў, саўгасаў непачаты край працы ў плане стаўлення да зямлі”, — падкрэсліў ён.

belapan.by