Урад працягвае змаганне з імпартнымі таварамі



Чарговай спробай абмежаваць легальны імпарт называюць эканамічныя эксперты пастанову беларускага ўрада №666. Яна фактычна ўводзіць некаторыя нетарыфныя абмежаванні для імпартных тавараў. Старшыня аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка адзначае, што пастанова можа моцна ўдарыць цяпер і па буйным бізнесе, а пазней і па звычайным беларускім спажыўцу:

– Мы пад гэтай гільяцінай знаходзімся некалькі гадоў, а буйны і сярэдні бізнес толькі цяпер адчувае тое. Працэдуры, якія прапісаны там, вядуць да таго, што імпарцёры скароцяць асартымент прадукцыі. Гэта паўплывае на якасць і цану тавара. Галоўнае тое, што самі распрацоўшчыкі не ведаюць, чаго хочуць. Бо спачатку гэта не павінна было тычыцца краін Матнага Саюзу, а ўчора ў тлумачэнні можна было прачытаць, што ўжо тыцыцца краін Мытнага Саюзу. Столькі розных перапляценняў, незразумелых рэчаў, што гэты ўказ трэба альбо спыняць, альбо зусім адмяняць.

Згодна з пастановай беларускага ўрада, практычна кожную партыю тавару імпарцёры цяпер павінны аддаваць на санітарна-гігіенічную экспертызу. Дакумент тычыцца такіх груп тавараў, як прадукты харчавання, тавары для дзяцей, тавары бытавой хіміі, касметыка, бытавая тэхніка ці аўтамабільныя тавары. Усё, што было ўвезена ў краіну да 27-га жніўня, можа прадаць яшчэ па старых правілах. Адной з пагрозаў новай пастановы можа стаць дэфіцыт гэтых катэгорый тавараў, як адзначаюць эканамісты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота finance.tut.by