Урад разлічвае падвоіць унёсак ІП у эканоміку



Урад зацвердзіў стратэгію развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года, якая прадугледжвае падваенне яго ўнёску ў эканоміку.

Аўтары стратэгіі адзначаюць, што ў малым і сярэднім бізнесе Беларусі працуюць 110 тысяч юрыдычных асоб і амаль чвэрць мільёна індывідуальных прадпрымальнікаў. Згодна з ацэнкай уладаў, суб’екты МСП фармуюць больш за чвэрць валавой дабаўленай вартасці краіны і ствараюць кожнае трэцяе працоўнае месца.

„Разам з тым унёсак МСП у эканоміку рэспублікі значна ніжэйшы, чым у большасці развітых краін. Так, у краінах Еўрапейскага саюза доля МСП у валавой дабаўленай вартасці складае 56,8%, доля занятых — 66,6%”, — падкрэсліваюць распрацоўшчыкі.

На думку уладаў, падвышэнне ўнёску МСП у эканоміку патрэбнае для росту яе эфектыўнасці і з’яўляецца неабходнай умовай для павелічэння ВУП краіны да 100 млрд долараў.

Мяркуецца, што ў выніку рэалізацыі зацверджанай стратэгіі „пры ўзгодненых дзеяннях органаў дзяржаўнай улады і бізнесу” ўнёсак МСП у валавую дабаўленую вартасць да 2030 года вырасце да 50%.

„Мэтай стратэгіі з’яўляецца фармаванне сектара МСП, які дынамічна развіваецца, здольны істотна палепшыць структуру беларускай эканомікі, падвысіць яе канкурэнтаздольнасць, забяспечыць эфектыўную занятасць і рост даходаў насельніцтва”, — гаворыцца ў дакуменце.

Рэалізаваць стратэгію плануюць у два этапы. На першым (пераходным) этапе (2018—2020 гады) урад мае намер удасканальваць „інстытуцыйную базу і інфраструктуру”. Асноўны этап рэалізацыі стратэгіі запланаваны на 2021—2030 гады. Прадугледжваецца „стварэнне і функцыянаванне канкурэнтаздольнага і адаптыўнага прадпрымальніцкага сектара нацыянальнай эканомікі”.

На думку аўтараў стратэгіі, неабходна скараціць дзяржаўнае рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці і падвысіць ступень эканамічнай свабоды прадстаўнікоў МСП.

Стратэгія прадугледжвае падзел функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка, рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў, уключаючы перадачу дзяржаўнай маёмасці больш эфектыўнаму ўласніку.

Плануецца ўнясенне зменаў у крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства, каб адказнасць суб’ектаў МСП адпавядала памеру нанесенай шкоды.

БелаПАН