Урад спадзяецца атрымаць 5 трлн рублёў з 30% падатку



Уведзены ў Беларусі 30% збор на куплю валюты дазволіць атрымаць бюджэту каля 5 трыльёнаў рублёў дадатковых даходаў.

Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканала „Беларусь-1” першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

„Дзеянне самога падатку прадугледжана да 1 лютага 2015 года”, – сказаў Ермаловіч.

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прызнаў, што ўвядзенне 30% збору на куплю валюты было жорсткім і нетрадыцыйным рашэннем, але менавіта дзякуючы яму ўладам ўдасца разарваць інфляцыйна-дэвальвацыйную спіраль:

„Калі паглядзець на эканамічныя саюзы, якія ёсць у свеце, калі адбываецца дэвальвацыя ў адной з краін, яна адразу ж распаўсюджваецца на ўсю прастору. Дэвальвацыя расейскага рубля ў 2014 годзе склала 180%, у 2 разы дэвальваная грыўня, адбылася 20% дэвальвацыя тэнге. Усё гэта вядзе да зніжэння экспарту ў гэтыя краіны і росту імпарту адтуль”, – сказаў кіраўнік ураду.

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заяўляе, што ўрад будзе жорстка кантраляваць сітуацыю на валютным рынку, за махінацыі з цэнамі пакаранне будзе аж да крымінальнай адказнасці.

svaboda.org