Урад спрабуе ратаваць эканоміку за кошт грамадзян?



Савет міністраў Беларусі адмяніў рэгуляванне цэн на шэраг харчовых тавараў і паслуг. Новая пастанова закранае такія харчовыя прадукты як хлеб, мяса, яйка курынае, малочныя прадукты, дзіцячае харчаванне, а таксама, між іншым, паслугі аздараўленых лагераў. Аднак урад пакідае за сабой права рэгуляваць цэны на некаторыя харчовыя тавары ў экстраных выпадках і не больш за 90 дзён на працягу года.

Novoe_podorozhanie_khleb_miaso_i_moloqo_stanut_nedostupny_belorusam_3985460859-900x450

Эканаміст Леў Марголін лічыць, што падставаў для хвалявання няма. На яго думку, гэта не павінна адбіцца на росце цэн на названыя тавары і паслугі:

Гэтае рашэнне абгрунтаванае, і найперш тым, што Міжнародны валютны фонд гэтага патрабуе. І гэта самаё лёгкае, што можа зрабіць урад, тым больш, што гэта не адаб’ецца хутчэй за ўсё на павышэнні цэн, бо ў нас даволі вялікая канкурэнцыя ў рознічным гандлі. Больш небяспечна можа быць, калі будуць адпушчаны тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, на транспарт і гэтык далей. Вось тады гэта можа быць сапраўды адчувальным для насельніцтва.

Іншы беларускі эканаміст – Міхась Залескі – мае і іншае меркаванне. На яго думку, урад шукае грошы, якіх катастрафічна не хапае, робіць гэта найперш за кошт грамадзян, якія адчуюць рост цэн на ўласных кашальках:

Нагодаў для панікі ніколі няма, а падвышэнняў трэба чакаць, таму што нашае начальства ведае, хто ў нас сацыяльна значныя людзі – гэта тыя, якія жывуць у Драздах і побач з імі за плотам. А ўсе астатнія – сацыяльна незначныя.

РР: То бок вы лічыце, што цэны ўсё ж вырастуць на хлеб, малако ды іншыя тавары, які важныя найперш для нашых пенсіянераў?

Натуральна. Разумееце, зараз такая сітуацыя, што бяды дзве: і зарплата падае, і цэны будуць расці. Яны будуць даваць камулятыўны эфект. 

Як вядома, МВФ выставіў шэраг умоваў для ўраду Беларусі. Наколькі далёка можа пайсці ўрад дзеля іх выканання? Вось меркаванне Льва Марголіна:

Урад будзе вымушаны пайсці далёка, праўда, пачынае ён з таго, што яму даецца лягчэй. Сама ж важнае – структурныя рэформы – пакідаюцца “на потым”. Гэта самае лёгкае – перакінуць усё на людзей, на пакупнікоў.

У той час, як Савет Міністраў заняўся пытаннем рэгулявання цэнаў, памочнік прэзідэнта прапануе скараціць адпачынак па доглядзе за дзіцём. Цяпер у Беларусі працягласць дэкрэтнага адпачынку, які аплочваецца, складае тры гады, Кірыл Руды лічыць, што дастаткова і двух гадоў. На яго думку, працяглы адпачынак па доглядзе за дзіцём мае шэраг мінусаў — адмоўна ўплывае на колькасць працоўнай сілы, валавы ўнутраны прадукт і стварае “дадатковыя стымулы да дыскрымінацыі на рынку працы”.

Паводле падлікаў чыноўніка, скарачэнне дэкрэтнага адпачынку на год – можа забяспечыць рост эканомікі на 2,3 працэнта. Гэтую прапанову каментуе эканаміст Міхась Залескі:

Што гэта за ахінея, 2 працэнты, 3 працэнты? Ён прадукцыйнасць працы бачыў? Добра, выганіць ён гэтых жанчын на работу, і што? У нас жа няма працоўных месцаў, яны ашалелі там у гэтай адміністрацыі. Пенсіянераў на работу, дэкрэтніц на работу. У нас што вакансіі стаяць пустыя? У нас жа вакансіі скарачаюцца адскімі тэмпамі. Чым яна будзе займацца на рабоце? Вось гэтым пытаннем Руды задаўся? Чым будзе займацца тая баба, якую выганяць зараз на работу? Вось давайце элементарны падлік зробім такі наўскідку. У нас на сённяшні дзень 28 тысяч вакансій, у дэкрэце сядзіць 75 тысяч баб. Ну і? Іх працоўныя месцы свабодныя? Не, іх працоўныя месцы занятыя. Вось пра што гаворка павінна ісці.

РР: Вось такія ідэі Кірыла Рудога маюць шанцы на рэалізацыю, наколькі сур’ёзна іх трэба разглядаць?

Разглядаць усе прапановы пра падвышэнне пенсійнага ўзросту, пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку, трэба з адной пазіцыі – грошай у нашага начальства няма. Пазычаць ім ніхто не хоча. Краіну яны давялі да балалайкі. Ну вось і зараз скачуць.

“Ва ўсім свеце сітуацыю ратуюць адным спосабам, а менавіта падвышаюць прадукцыйнасць працы. Дзеля гэтага ствараюць новыя працоўныя месцы, на якіх стваральнік гэтага месца разлічвае атрымаць прыбытак, вышэйшы за сярэдні, і таму выплочваць зарплату большую за сярэднюю па краіне. Вось гэта і завецца новым працоўным месцам. Але нам да гэтага яшчэ далёка”, – дадае эканаміст Міхась Залескі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.