Урад вызначыў тавары, якія падпадаюць пад контрсанкцыі
Савет міністраў Беларусі вызначыў спіс забароненых тавараў замежных кампаній, якія адмовіліся спансаваць чэмпіянат свету па хакеі ў Менску. Пералік складзены „для забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў, з улікам недружалюбных дзеянняў у дачыненні да беларускага народа”, – паведаміла прэс-служба ўрада.
У пералік забароненых тавараў унесены тавары груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (да апошняй адносяцца гандлёвыя маркі Nivea, Florena, Tesa ды іншыя). Санкцыі будуць дзейнічаць паўгода. Пры выяўленні на мяжы забароненыя да ўвозу тавары „будуць падлягаць зваротнаму вывазу з тэрыторыі краіны”. У выпадку выяўлення такіх тавараў на гандлёвых аб’ектах, на рынках, выставах, кірмашах, у інтэрнэт-крамах асобам, якія ажыццяўляюць гандаль, „будзе выдавацца прадпісанне на забарону іх рэалізацыі”. Прытым пастанова не распаўсюджваецца на тавары, якія ўвозяцца грамадзянамі для асабістага карыстання.
Нагадаем, што Liqui Moly (Германія), Škoda Auto (Чэхія) і Beiersdorf (Германія) адмовіліся фінансаваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, калі ён пройдзе ў Беларусі, у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў краіне. Міжнародная федэрацыя хакея перанесла ўсе матчы ў Рыгу (Латвія), якая першапачаткова была суарганізатарам турніру.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: politring.com