Урад зацвердзіў план развіцця адсталых рэгіёнаў
Урад зацвердзіў план дзеянняў для асобных рэгіёнаў, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адпаведнае рашэнне замацаванае пастановай Савета міністраў ад 9 кастрычніка № 689, паведаміла прэс-служба ўрада.
Раней адсталымі па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця былі вызначаныя 31 раён са 128 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі, або 24,2% агульнай колькасці.
Так, у Берасцейскай вобласці вызначаныя 3 з 19 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (15,8%), Віцебскай – 7 з 23 (30,4%), Гомельскай – 8 з 22 (36,4%), Гарадзенскай – 3 з 18 (16,7%), Менскай – 3 з 22 (13,6%), Магілёўскай – 7 з 23 (30,4%).
«Па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця адсталыя раёны з істотным адрывам саступаюць астатнім рэгіёнам рэспублікі, маюць недастатковы працоўны і эканамічны патэнцыял для комплекснага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці за кошт уласных рэсурсаў», – растлумачыла прэс-служба ўрада.
Мэта зацверджанага плана – знізіць узровень дыферэнцыяцыі па ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва за кошт раскрыцця, аднаўлення і нарошчвання вытворчага патэнцыялу, развіцця інфраструктуры, фармавання камфортнага асяроддзя для пражывання на аснове канкурэнтных пераваг, назапашаных кампетэнцый кожнага рэгіёна.
План прадугледжвае рэалізацыю партфеля інвестыцыйных праектаў і прапаноў у адсталых рэгіёнах і ўтрымлівае 282 праекты з агульным аб’ёмам інвестыцый 10 млрд 24,1 млн рублёў і 2,5 млн долараў ЗША, а таксама 224 інвестыцыйныя прапановы з патрэбным абʼёмам фінансавання прыкладна 900 млн рублёў.
«Рэалізацыя партфеля інвестыцыйных праектаў і прапаноў у адсталых рэгіёнах будзе спрыяць развіццю тэрыторый за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, мадэрнізацыі дзейных прадпрыемстваў, а таксама фармавання неабходнай вытворчай і сацыяльнай інфраструктуры», – лічаць ва ўрадзе.
Фінансаванне праектаў будзе ажыццяўляцца за кошт уласных сродкаў арганізацый, крэдытных рэсурсаў, сродкаў інвестараў, іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
У выніку рэалізацыі плана развіцця асобных рэгіёнаў у 2019–2020 гадах чакаецца ва ўсіх адсталых рэгіёнах скарачэнне разрыву ва ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва ў параўнанні з сярэднерэспубліканскім узроўнем, а таксама выхад 11 раёнаў з групы адсталых, набліжэнне 5 раёнаў да выхаду з групы, адзначаюць у Саўміне.