Урад зацвердзіў стратэгію абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам БелАЭС



Савет міністраў зацвердзіў „Стратэгію абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам Беларускай атамнай электрастанцыі”. Адпаведнае рашэнне замацаванае пастановай урада № 558 ад 22 жніўня.

Стратэгія, як адзначаецца ў дакуменце, распрацаваная „для фарміравання і рэалізацыі аптымальнай з тэхналагічнага пункту гледжання, эканамічна мэтазгоднай, экалагічна і сацыяльна бяспечнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам (АЯП) Беларускай атамнай электрастанцыі”.

Стратэгія прадугледжвае „ключавыя арганізацыйныя моманты па стварэнні і рэалізацыі нацыянальнай сістэмы абыходжання з АЯП, асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнай і практычнай дзейнасці ўдзельнікаў працэсу абарачэння, паэтапны, адаптыўны, заснаваны на згодзе ўцягнутых у працэс абарачэння суб`ектаў падыход да заключнай стадыі ядзернага паліўнага цыклу”.

Яе распрацоўка, гаворыцца ў дакуменце, „ажыццяўлялася з улікам міжнароднага навуковага і практычнага вопыту абыходжання з АЯП у межах дэклараваных нацыянальных стратэгій; сучаснай тактыкі вырашэння праблем АЯП і перспектыў тэхнічнага прагрэсу; паслуг, якія прапаноўваюцца на міжнародным рынку па абыходжанні з АЯП, і ўмоў іх аказання, даступнасці гэтых паслуг для Беларусі”.

Акрамя таго, адзначаецца ў стратэгіі, яе распрацоўка ажыццяўлялася „з улікам эканамічнай і тэхналагічнай складанасці рэалізацыі праграм па прамым геалагічным пахаванні АЯП; магчымасці перыядычнага перагляду нацыянальнай сістэмы па абыходжанні з АЯП ці яе карэкціроўкі па меры больш глыбокага вывучэння праблемы, назапашвання практычнага вопыту, змены палітычнай, эканамічнай, экалагічнай, сацыяльнай сітуацыі, развіцця тэхналогій”.

Згодна з дакументам, асноўнымі мэтамі ў галіне абыходжання з АЯП з`яўляюцца: „забеспячэнне абароны людзей, грамадства ў цэлым і навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўздзеяння радыеактыўных рэчываў і іанізуючага выпраменьвання пры абыходжанні з АЯП і радыеактыўнымі адходамі, што ўтвараюцца пры гэтым; дасягненне аптымальных суадносін эканамічнай мэтазгоднасці і экалагічнай прымальнасці; выкананне абавязацельстваў перад сусветнай супольнасцю шляхам стварэння дзяржаўнай сістэмы кіравання АЯП, у якую ўваходзяць заканадаўчыя і арганізацыйна-фінансавыя механізмы, працоўныя рэсурсы, аб`екты інфраструктуры”.

Абыходжанне з АЯП з`яўляецца складнікам дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі, гаворыцца ў стратэгіі. Адзначаецца, што ў адпаведнасці з законам ад 30 ліпеня 2008 года „Аб выкарыстанні атамнай энергіі” рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне выкарыстання атамнай энергіі ажыццяўляе ўрад Беларусі.

Агульная каардынацыя работ па рэалізацыі стратэгіі і кантроль за іх выкананнем ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі.

„Беларусь у галiне абыходжання з АЯП і радыеактыўнымі адходамі арыентуецца на выкарыстанне тэхналогій і экспертных ведаў краіны — пастаўшчыка ядзерных тэхналогій — Расейскай Федэрацыі”, — гаворыцца ў стратэгіі.

Пастанова набудзе моц пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Міністэрства энергетыкі разлічвае, што ядзернае паліва для Беларускай АЭС будзе завезенае восенню, заявіў журналістам 22 жніўня ў Астраўцы (Гарадзенская вобласць) намеснік міністра Міхаіл Міхадзюк. „Мы думаем, што ўвосень завязем яго, — сказаў ён. — Завоз ядзернага паліва мы плануем за месяц-паўтара да гатоўнасці да фізічнага пуску. Тэхналагічная гатоўнасць да завозу ядзернага паліва па ўсіх рэгламентах, якія прадугледжаныя, будзе забяспечаная ў верасні. То бок, гэта гатоўнасць усіх сістэм, будынкаў, збудаванняў, якія ў гэтым ланцужку завязаныя”.

Таксама са слоў Міхадзюка вынікае, што завяршыць увод у эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца ў пачатку 2020 года, а не ў снежні 2019-га, як заяўлялася раней.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

БелаПАН