Урад збіраецца скараціць пералік сацыяльна значных тавараў
Урад Беларусі плануе скараціць пералік сацыяльна значных тавараў. У прыватнасці, з яго прыбяруць бескасцёвае мяса.

У Беларусі працягне дзейнічаць пастанова Саўміна, якая абмяжоўвае рост цэн 0,2% у месяц, але пералік сацыяльна значных тавараў скароцяць. Аб такіх планах урада па рэгуляванні цэн паведаміў сёння ў Нацыянальным сходзе віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін.
«На дадзены момант існуе меркаванне, што пастанова №100, хутчэй за ўсё, застанецца. Але пералік сацыяльна значных тавараў мы скароцім да 17, прыбярэм бескасцёвае мяса і іншыя пазіцыі. Пакідаем хлеб, малако, натуральнамалочную прадукцыю і гэтак далей», — цытуе яго БелТА.
Субоцін распавёў дэпутатам і членам СР, што ў цэлым жорсткія абмежаванні пастановы № 100 спрацавалі, але ўскладнілі фінансавы стан прадпрыемстваў. Трэба адзначыць, што, нягледзячы на жорсткае абмежаванне цэн, у Беларусі інфляцыя перавышае 10% у гадавым вылічэнні. Пры гэтым спецыяльная камісія ў рамках пастановы ўжо дазваляла павышаць цэны на алей, мяса і хлеб вышэй за ўстаноўлены парог. Таксама ў краіне дзейнічаюць абмежаванні па памеры гандлёвых надбавак.
«Але мы разумеем, што пастанова №100, хутчэй за ўсё, сябе зжыве як нарматыўна-прававы акт, і мы, напэўна, пяройдзем да адраснай дапамогі, што не аднойчы абмяркоўвалася. У якім фармаце гэта будзе? Думаю, хуткім часам вы ўбачыце. З сеткамі размова на гэтую тэму ўжо адбылася. Магчыма, будуць нейкія бонусныя карты для пенсіянераў, маламаёмасных, шматдзетных сем’яў», — сказаў Субоцін.
