Усе пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў Беларусь у новым годзе зможа пакідаць сабе



Пра гэта паведаміў віцэ-прэм’ер Расейскай Федэрацыі Аркадзь Дварковіч. Раней мяркавалася, што толькі 1,5 мільярда пойдзе ў беларускі бюджэт, астатнія пошліны вярталіся б у Расею.

Эканаміст Леанід Заіка тлумачыць такое рашэнне Расеі не толькі стратамі Беларусі ў выпадку падатковага манеўра, але і складанай палітычнай сітуацыяй:

– Краіна знаходзіцца напярэдадні падпісання і прыняцця яшчэ і новых чальцоў Таможанага саюзу. З улікам палітычнай сітуацыі ў Расеі, адсутнасці падтрымкі ў Еўропе і ва ўсім свеце, Расея не хацела бы губляць надзейнага саюзніка. Гэта яшчэ і паказвае Украіне, калі Украіна будзе рыхтавацца да халоднай зімы, то для Беларусі нармальна будзе закрывацца ўвесь зварот экспарта-імпарта, плюс да гэтага будуць грошы для выплаты працэнтаў за пазыкі – каля 40 мільярдаў даляраў.

Беларусь штогод пералічвае ў расейскі бюджэт каля чатырох мільярдаў даляраў пошлін ад экспарту нафтапрадуктаў, атрыманых з пастаўленай бяспошлінна расейскай нафты.

Віцэ-прэм’ер Расеі таксама падцвердзіў, што Расея ў наступным годзе плануе паставіць у Беларусь 23 мільёны тон гэтай сыравіны.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя