Усе заводы ААТ „Белшына” аднавілі працу



 Завод звышбуйнагабарытных шын ААТ „Белшына”, які быў спынены 17 лютага, аднавіў працу 1 сакавіка, паведамілі БелаПАН на прадпрыемстве.

Як паведамлялася, 21 лютага аднавілі працу пасля прастою завод масавых шын і завод буйнагабарытных шын.

Такім чынам, на сёння, 2 сакавіка, усе заводы ААТ „Белшына” аднавілі працу.

За час вымушанага прастою рабочым „Белшыны” будзе выплачана 2/3 аклада.

Спыненне заводаў, як раней паведамляў начальнік аддзела ідэалагічнай і сацыяльнай работы „Белшыны” Юрый Андрыеўскі, было выклікана планавым рамонтам тэхналагічнага абсталявання, у тым ліку вулканізацыйнага і зборачнага. У той жа час ён прызнаў, што ў апошнія гады прадпрыемства мае праблемы з абаротнымі сродкамі. Павялічылася дэбіторская і крэдыторская запазычанасць, не хапае сродкаў для закупкі сыравіны.

„На „Белшыне” праблемы былі, ёсць і будуць, на жаль”, — сказаў Андрыеўскі.

Гадавых дадзеных аб працы „Белшыны” пакуль няма. Згодна з фінансавай справаздачнасцю за дзевяць месяцаў мінулага года, выручка ААТ знізілася на 12% — да 509,87 млн рублёў. У студзені—верасні прадпрыемства спрацавала з чыстым прыбыткам у 841 тыс. рублёў супраць 72,7 млн рублёў страт за аналагічны перыяд 2018 года.

Доўгатэрміновыя абавязацельствы „Белшыны” на канец верасня мінулага года складалі 212 млн рублёў. У параўнанні з 2018 годам яны знізіліся на 32,56%. На прадпрыемстве занята больш за 9 тыс. чалавек.

belapan.by