Устаноўлены корпус рэактара на другім энергаблоку Беларускай АЭС
На другім энергаблоку Беларускай АЭС 2 снежня ўстанавілі корпус рэактара, паведамляе прэс-служба групы кампаній ASE, якая ўваходзіць у склад расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам” і з’яўляецца генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам будавання БелАЭС.
Для таго каб устанавіць адзінаццаціметровы корпус рэактара вагой 330 тон у праектнае становішча, яго паднялі на вышыню транспартнага партала і па рэйках транспартавалі ўнутр герметычнай зоны будынка другога энергаблока. Пасля гэтага корпус перамясцілі ў цэнтральную залу рэактарнага аддзялення і ўстанавілі на апорнае кольца ў шахту рэактара. Пасля ўстаноўкі корпуса будаўнікі пачнуць манціраваць асноўнае абсталяванне першага контуру рэактара другога энергаблока.
Акрамя таго, прэс-служба ASE паведамляе, што на будпляцоўку БелАЭС даставілі транспартны шлюз — цыліндрычную камеру, якая герметычна зачыняецца з двух бакоў, вагой 230 тон, даўжынёй 11 метраў і дыяметрам больш за 9 метраў. Ён будзе ўстаноўлены на другім энергаблоку станцыі.
Шлюз прызначаны для транспарціроўкі адпрацаванага ядзернага паліва, свежага паліва, абсталявання, неабходнага для працы рэактарнай устаноўкі і яе абслугоўвання.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на 2019 год, другога — на 2020-ты.
У 2016—2017 гадах на БелАЭС правялі стрэс-тэсты. 8 лістапада начальнік дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС Вольга Лугаўская адрапартавала журналістам, што вынікі тэставання паказалі ўстойлівасць станцыі да экстрэмальных знешніх умоў.