Устаноўленыя квоты на вытворчасць алкаголю ў Беларусі ў 2018 годзе



Квоты на вытворчасць алкаголю у 2018 годзе ўстаноўлены ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне прадугледжанае пастановай урада ад 19 снежня № 971, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Абмежаванні ўстаноўленыя на вытворчасць алкагольнай прадукцыі, прызначанай для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, нехарчовага этылавага спірту, дэзінфекцыйных сродкаў, а таксама антысептычных лекавых і ветэрынарных сродкаў, якія адносяцца да нехарчовай прадукцыі з утрыманнем спірту.

Квоты на вытворчасць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў павялічаныя ў параўнанні з 2017 годам на 163 тыс. дэкалітраў (дал), брэндзі — да 92 тыс. дал, кальвадосу — да 28 тыс. дал, він вінаградных — на 3 млн 965 тыс. дал.

Адначасова на 33% зменшаныя квоты на выпуск тэкілы (да 15 тыс. дал), на 30% — вінаў пладовых мацаваных марачных, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі. Вытворчасць пеністых вінаў захаваецца на ўзроўні 2017 года і складзе 1,7 млн дал.

12 кастрычніка Савет міністраў скарэктаваў квоты на вытворчасць у 2017 годзе алкагольнай прадукцыі, павялічыўшы іх па большасці пазіцый. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю патлумачыла гэта ростам попыту на ўнутраным рынку на моцны алкаголь. „Па моцных алкагольных напоях адзначаецца за паўгоддзе рост продажу — 106,9% да аналагічнага леташняга перыяду. Таму скарэктаваная патрэба, яна была выразна адлюстраваная з улікам продажаў на ўнутраным рынку”, — адзначыла прадстаўнік міністэрства Наталля Мельнікава на прэс-канферэнцыі 24 кастрычніка.

belapan.com