Утрымаць інфляцыю ў межах 5% будзе складана



Утрымаць інфляцыю ў межах 5% у 2020 годзе будзе нашмат больш складана, чым у 2019-м. Такое меркаванне выказаў  выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра „Стратэгія” Яраслаў Раманчук, каментуючы афіцыйную статыстыку за мінулы год.

Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў Беларусі ў снежні 2019 года ў параўнанні з лістападам 2019-га склаў 100,5%, са снежнем 2018 года — 104,7%, у студзені—снежні 2019 года да студзеня—снежня 2018-га — 105,6%. Згодна з прагнозам Нацыянальнага банка, у 2019 годзе інфляцыя не павінна была перавысіць 5%. На 2020 год таксама пастаўлена планка ў 5%.

На думку Раманчука, інфляцыя 4,7% па выніках 2019 года — заслуга Нацбанка, які на працягу трох апошніх гадоў трымае курс на стабільныя цэны і пераход да таргетавання інфляцыі ў 2022 годзе, праводзіць правільную курсавую палітыку, адмаўляецца ад эмісіі для крэдытавання дзяржпраграм, актыўна процідзейнічае жаданню Мінпрама, Мінсельгасхарча і іншых ведамстваў стымуляваць неабгрунтаваны эканамічны рост за кошт крэдытаў.

„Акрамя таго, была стабільная валютная выручка, што дало магчымасць не толькі забяспечваць цэнавую стабільнасць, але і павялічваць золатавалютныя рэзервы”, — падкрэсліў эксперт.

Паводле яго слоў, можна адзначыць і ролю Аляксандра Лукашэнкі, які „не злоўжыў сваёй уладай і не прымусіў Нацбанк змяніць сваю палітыку”.

„Сёлета назіраюцца сур’ёзныя палітычныя імператывы. І ва ўмовах праблем з энергетычнымі пастаўкамі важна, ці палічыць Лукашэнка магчымасць павелічэння інфляцыйнага падатку на ўсю эканоміку з мэтай размеркавання выдаткаў, звязаных з павышэннем цэн на энергарэсурсы, на бензін, на жыллёва-камунальныя паслугі. Калі будзе стаяць пытанне — энергетычная бяспека і суверэнітэт або падатак, я думаю, што ўлады выберуць усё ж падатак. У гэтым выпадку інфляцыя можа перавысіць 10-12%„, — сказаў Раманчук.

БелаПАН