Беларусь пачне перавоз сваіх нафтапрадуктаў праз расейскія порты на Балтыцы



Раней дзеля гэтага выкарыстоўвалі пераважна порт у літоўскай Клайпедзе. З чым звязанае такая змена і наколькі яна выгадная для Беларусі – у каментары Яны Запольскай.

 Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы разам паабедалі, пакаталіся на лыжах, ды абмеркавалі тое-сёе ў нефармальнай абстаноўцы. Так можна падвесці вынік перамоў, якія прайшлі ў панядзелак, 22 лютага. Але звярнем увагу на тое, што Лукашэнка не паляцеў у Сочы з пустымі рукамі. Так, яшчэ ў пятніцу 19 лютага, у Маскве, міністры транспарту Беларусі і Расеі Аляксей Аўраменка і Віталій Савельеў падпісалі міжурадавае пагадненне наконт перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія порты.

Паводле пагаднення на працягу трох гадоў беларускія прадпрыемствы змогуць перагрузіць 9,8 мільёна тон сваіх нафтапрадуктаў для наступнай пастаўкі ў трэція краіны, у тым ліку каля дзвюх мільёнаў тон у бягучым годзе. Гаворка ідзе пра мазут, бензін і алей. Дарэчы, Расея даўно хацела ўвязаць атрыманне нафты Беларуссю з выкарыстаннем расейскай інфраструктуры, а за тры гады зможа зарабіць на перавалцы беларускіх грузаў каля 11-ці мільярдаў рублёў. Затое для Беларусі гэта аніяк нявыгадна, а вырашыў пайсці на такі крок Аляксандр Лукашэнка пасля выбараў 2020 году ў піку краінам Балтыі, якія не прызналі яго легітымнасць, падтрымалі выбар беларускага народу і асудзілі рэпрэсіі і гвалт.

Выходзіць наступнае: перавалка праз расейскія порты на Балтыцы лагістычна ўяўляе сабою больш доўгі транспартны шлях. Падаражанне транспарціроўкі можа скласці ад 10 да 50 працэнтаў. Да таго ж, у падпісаным пагадненні абгаворваецца, што аператарам перавозак будзе расейская чыгунка, а не беларуская. Больш за тое, у пагадненні прапісаны прынцып “бяры або плаці”, а значыць, нават калі грузаў не будзе, плаціць за перавалку давядзецца. Калі скажам праз год бакі пасварацца і паўстануць чарговыя праблемы з дастаўкай расейскай нафты, пастаўляць у порты не было б чаго, але плаціць і так давядзецца. Дый увогуле схема выглядае дзіўнай, гэта мякка кажучы: купляем расейскую нафту, вязём у Беларусь, вырабляем нафтапрадукты, якія зноў вязём у Расею, плацім за гэта грошы, а пазней пастаўляем у трэція краіны. Так што эканомікай тут аніякай не пахне.

Застаецца дачакацца канкрэтных лічбаў, бо пакуль не вядомыя дэталі камерцыйных кантрактаў, у якіх і будзе прапісанае: хто, каму, за колькі і на якіх умовах. Беларускі бок, верагодна, спадзяецца толькі на льготы і прэферэнцыі ва ўсім гэтым эканамічна сумніўным мерапрыемстве. Пакуль жа эканамічнай выгады ніякай не відаць, а толькі выключна палітычны праект сабе на шкоду.

Беларускае Радыё Рацыя