Ровень беднасці ў сельскай мясцовасці можа дасягаць 15-20%



У Беларусі акрэслілася тэндэнцыя росту беднасці, і ў сельскай мясцовасці яе ровень можа дасягаць 15-20%. Такая ацэнка прыводзіцца ў эканамічным аглядзе, які падрыхтаваў Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC). Эксперты звяртаюць увагу, што ўдзельная вага насельніцтва з роўнем наяўных даходаў ніжэйшым за бюджэт пражытачнага мінімуму ў першым квартале склаў 6% супраць 5,4% годам раней.

„Самы высокі ровень беднасці традыцыйна зафіксаваны ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях (8,7 і 8,1% адпаведна). Улічваючы значны разрыў паміж гарадскім і сельскім насельніцтвам, можна чакаць, што ўзровень беднасці ў сельскіх раёнах гэтых абласцей складае 15-20%”, — лічаць эксперты BEROC.

Каментуючы дынаміку даходаў насельніцтва, якая можа ўплываць на ровень беднасці ў краіне, эканамісты канстатуюць, што ў першым квартале 2017 года рэальная зарплата ўпершыню вырасла з 2013 года. „Аднак няўстойлівасць аднаўлення эканомікі ў цэлым, а таксама адчувальнасць канкурэнтаздольнасці фірмаў да росту зарплат азначаюць, што натуральным чынам усплёск рэальнай зарплаты ў першым квартале не трансфармуецца ў яе ўстойлівы рост”, — падкрэсліваюць аўтары эканамічнага агляду.

На іх думку, для прадухілення сацыяльнай напружанасці забеспячэнне росту рэальных даходаў „з’яўляецца важнай задачай парадку дня”. Аднак пакуль эканамісты не бачаць фактараў, якія б спрыялі хуткаму павышэнню дабрабыту насельніцтва.

У той жа час штучнае павышэнне даходаў насельніцтва можа прывесці да негатыўных наступстваў, лічаць эканамісты BEROC. „Калі рост спажывання будзе „падганяцца” штучным ростам даходаў, то гэта абумовіць рост ўдзельных выдаткаў на працу, зніжаючы канкурэнтаздольнасць нацыянальных вытворцаў. Акрамя таго, верагодны рост попыту на імпарт і з’яўленне новых імпульсаў націску на спажывецкія цэны”, — папярэджваюць эксперты.

Улады Беларусі паставілі задачу давесці сярэднюю зарплату да канца года да 1.000 рублёў (у маі — 795,2 рубля). Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, у сваю чаргу, лічаць, што перадумоў для хуткага павышэння прадукцыйнасці працы, які дазволіў бы забяспечыць адпаведны рост зарплат, у беларускай эканоміцы няма.

belapan.com