Ва Украіне арыштаваныя аўтамабілі з Беларусі на мільёны даляраў
У дылера беларускіх аўтамабіляў і спецтэхнікі ва Украіне арыштаваныя 158 аўтамабіляў на 220 мільёнаў грывень (ці каля 7 мільёнаў даляраў). Кампанію падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў больш як на 330 тысяч даляраў. Пачатая крымінальная вытворчасць, рахункі ўкраінскай кампаніі замарожаныя, праводзіцца расследаванне, паведамляе прэс-служба Бюро эканамічнай бяспекі Украіны.

Пры гэтым кампанія не называецца. Мяркуючы па фота, гаворка ідзе пра аўтамабілі і аўтобусы вырворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. Яго „дачкой” ва Украіне з’яўляецца „Гандлёвы дом „МАЗ-Україна”. Беларускі завод выйшаў са складу заснавальнікаў і беніфіцыяраў гэтай кампаніі ў лютым, каб абыходзіць заходнія санкцыі. Ва Украіне пасля пачатку расійскай агрэсіі актыўна канфіскоўваць беларускую маёмасць: вагоны, цыстэрны, грузавікі і нават судны. Таксама нацыяналізуюцца і выяўленыя на ўкраінскай тэрыторыі грузы (сталь, калійныя ўгнаенні, халадзільнікі і г. д.).
Дарэчы, ва Украіне 12 траўня быў прыняты закон аб канфіскацыі маёмасці ў грамадзян Беларусі і Расіі. У выпадку з беларусамі гаворка ідзе пра тых, хто мае дачыненне да расійскай агрэсіі супраць Украіны.
