Вадзім Іосуб: Абвал еўра можа працягнуцца…
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Менску Вадзім Іосуб распавядае, чаму еўрапейская валюта працягвае сваё імклівае падзенне, і што еўра чакае ў бліжэйшай будучыні.
Сёння ў Беларусі еўра ўсталяваў мінімум ад пачатку года. Курс упаў ніжэй за 16 тысяч рублёў.
Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы расійскі рубель вярнуўся на ранейшую вышыню. Цяпер ён каштуе 246,5 беларускага рубля, як і ўчора.
Даляр тым часам апусціўся з 15200 да 15070 рублёў.
А вось еўра спікіраваў з 16250 рублёў да 15970, піша “Наша Ніва”.
Сёння ж некаторыя беларускія банкі выставілі курс канвертацыі еўра да даляра ў адносінах 1:1.
Вадзім Іосуб: Падзенне еўра ў Беларусі – следства таго, што адбываецца з валютнай парай даляр-еўра на сусветных рынках. Мы бачым зніжэнне еўра да даляра, якое ідзе з траўня мінулага году, калі за 1 еўра давалі 1 даляр і 40 цэнтаў. Абвал еўравалюты звязана ў першую чаргу з тым, што адбываецца ў амерыканскай і еўрапейскай эканоміках. Амерыканская эканоміка зараз з’яўляецца, напэўна, найбольш здаровай з усіх развітых краінаў – расце УВП, зніжаецца інфляцыя. Была завершана праграма па друкаванню даляраў і зараз абмяркоўваецца тэма, калі ў ЗША пачнуць расці працэнтныя стаўкі. У еўразоне сітуацыя абсалютна супрацьлеглая. У еўрапейскай эканоміцы назіраецца стагнацыя, беспрацоўе амаль у 2 разы большае, чым у амерыканскай. У асобных краінах прысутнічае дыфляцыя (зніжэнне агульнага ўзроўню коштаў), што тармозіць эканамічную актыўнасць. На гэтым фоне у Еўропе толькі пачалі ажыццяўляць праграму па друкаванню грошай, якая, па ацэнках еўрапейскіх эканамічных уладаў, будзе працягвацца да верасня 2016 году. Суадносна, такія розныя сітуацыі ў эканоміках Еўропы і ЗША і правакуюць зінжэнне еўра да даляра.
РР: Якія ёсць плюсы для беларусаў у зніжэнні еўра?
Вадзім Іосуб: Еўрапейскія тавары становяцца для нас адносна таннейшымі.
РР: Ваш прагноз: ці працягнецца зніжэнне еўра?
Вадзім Іосуб: Гэта абсалютна рэальна. Фактары, якія я пералічыў, не заканчваюцца і працягваюць дзейнічаць. Пры гэтым дзейнічаць будуць як мінімум на працягу гэтага году, а можа і двух. Таму казаць аб тым, што еўра ўжо дасягнула дна, не даводзіцца. Вялікая верагоднасць таго, што зніжэнне еўра да даляра працягнецца. Зніжэнне нават да парытэта, калі на сусветных рынках за 1 даляр будуць даваць 1 еўра, а для застаецца зусім крыху. Некаторыя інвестыцыйныя банкі прагназуюць зніжэнне еўра да 85 цэнтаў, і я б не стаў выключаць абнаўленне гістарычнага мінімума на ўзроўні 82 цэнтаў за 1 еўра, што назіралася восенню 2000 году.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя