Вадзім Іосуб: Беларусі давялося сур’ёзна саступіць у эканамічным суверэнітэце



У 2023 годзе беларускі бюджэт атрымае „бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаў” на суму 5 мільярдаў 400 мільёнаў рублёў, што складае амаль 16% усяго даходу бюджэту.

Што гэта за грошы і наколькі яны „бясплатныя” для Беларусі падчас анлайн-сустрэчы „Беларусы і рынак” паразважаў старэйшы бізнэс-аналітык Вадзім Іосуб:

Калі мова ідзе пра кампенсацыю пакупнікам беларускіх нафтапрадуктаў, то яны зусім не дармовыя. Каб гэта атрымаць, Беларусі давялося пайсці на падпісанне саюзных праграм, вельмі сур’ёзна саступіць у эканамічным суверэнітэце. Зблізіць сваю мытную сістэму максімальна з расейскай, падатковую сістэму з расейскай, зрабіць яе вельмі празрыстай для Расейскай Федэрацыі.

Па словах бізнэс-аналітыка, пад „бясплатнымі паступленнямі ад замежных дзяржаў” у бюджэце Беларусі могуць  разумецца кампенсацыі – бюджэтныя трансферты за продаж прадуктаў беларускай нафтаперапрацоўкі ў Расею. Акрамя гэтага ў бюджэце Беларусі на 2023 год павялічваюцца выдаткі на абарону і сілавы блок.  

Беларускае Радыё Рацыя