Вадзім Іосуб: Беларусы будуць адклікаць рублёвыя дэпазіты
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў, якія наступствы могуць быць пасля таго, як Нацбанк чарговы раз знізіць стаўку рэфінансавання.
Нагадаем, з 1 ліпеня ў Беларусі стаўка рэфінансавання зніжаецца да 20% супраць ранейшых 22%. Папярэдняе зніжэнне, таксама на 2 працэнтныя пункты, адбылося 1 траўня.
Акрамя таго, з 1 жніўня змяншаецца гранічны ровень працэнтных ставак па новых тэрміновых банкаўскіх укладах фізічных асоб у нацыянальнай валюце, у выпадку перавышэння якога прадугледжваецца павелічэнне рэзервовых патрабаванняў, – з 1,0 да 0,9 стаўкі па пастаянна даступных аперацыях Нацбанка ў форме крэдыту авернайт.
Вадзім Іосуб: Калі казаць пра тое, ці былі перадумовы зніжэння стаўкі, то ў кожнага суб’екта эканомікі гэтыя перадумовы свае. З аднаго боку, калі зыходзіць з таго, што трэба знізіць інфляцыю і садзейнічаць падтрыманню пэўнага ўзроўня дэпазітаў, можа быць, і не варта было стаўку рэфінсавання зніжаць. А з іншага боку, у зніжэнні стаўкі зацікаўлены рэальны сектар эканомікі. Тая яго частка, якая не мае магчымасці крэдытавацца па ільготных стаўках і бярэ крэдыты на камерцыйных умовах, стогне, што стаўкі па крэдытах проста невыносныя, і гэтыя скаргі справядлівыя. Таму Нацыянальнаму банку і даводзіцца шукаць кампрамісныя рашэнні.
РР: Ці будуць пасля гэтага зніжацца і стаўкі па дэпазітах для фізічных асобаў?
Вадзім Іосуб: Безумоўна. З 1 жніўня па доўгатэрміноваму рублёваму дэпазіту, які нельга будзе адклікаць, стаўка, здаецца, не будзе перавышаць 22 адсоткі.
РР: Гэта можа прывесці да таго, што ўкладчыкі пачнуць больш актыўна адклікаць грошы з рублёвых дэпазітаў?
Вадзім Іосуб: Так, але, мяркую, Нацбанк гэта таксама пралічваў і ў час прыняцця рашэння пра зніжэнне стаўкі рэфінансавання былі закладзены рызыкі таго, што людзі пачнуць забіраць грошы з рублёвых дэпазітаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя