Вадзім Іосуб: Да канца года даляр наўрад ці перавысіць адзнаку 2 рублі 15 капеек



Старшы аналітык кампаніі „Альпары” Вадзім Іосуб распавёў пра сітуацыю на валютным рынку краіны.

Вадзім Іосуб

Учора на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель крыху знізіўся да даляра ЗША і еўра, але ўмацаваўся да расейскага рубля.

Па выніках таргоў курс даляра вырас на 0,0014 рубля (0,07%) і склаў 1,9574 рубля. Курс еўра вырас на 0,0015 рубля (0,07%) і склаў 2,1972 рубля.

З пачатку году даляр падарэжаў усяго на 10 капеек. Ці можна сказаць, што беларускі рубель “намацаў дно”?

Вадзім Іосуб: Рубель ужо даўно не шукае дно, пра гэта нават не карэктна разважаць. Але можна сказаць, што рубель дастаткова стабільны. Пасля моцнага падзення напачатку году, затым ён умацаваўся і з пункту гледжання кошыка валют трымае раўнавагу. На цяперашніх узроўнях попыт і прапанова прыкладна ўраўнаважана.

РР: З чым звязана, на ваш погляд, змяншэнне валютных укладаў?

Вадзім Іосуб: Верагодней за ўсё, гэта адбываецца ў выніку падзення рэальных прыбыткаў насельніцтва. І, каб хоць неяк падтрымліваць спажывецкі ўзровень, людзі праядаюць свае зберажэнні. Відавочна, што іх большая частка – у валюце. І гэта таксама датычыцца наяўнай валюты, якая захоўваецца, як кажуць, “у панчохах”.

РР: Ці можна спрагназаваць валютны курс на бліжэйшую перспектыву?

Вадзім Іосуб: Курс валют шмат у чым будзе залежыць не толькі ад таго, што будзе адбывацца з беларускім рублём, эканомікай і коштам нафты. Гэта будзе залежыць, напрыклад, і ад вагання даляра да еўра і іншых сусветных валют, што ў сваю чаргу залежыць ад тэмпаў павелічэння адсоткавай стаўкі ў ЗША. Тым не менш, рызыкну спрагназаваць, што ў выпадку, калі будзе працягваца цяперашняя ўмерана-жорсткая палітыка Нацбанка (а пакуль няма ніякіх сігналаў, каб гэтая палітыка змянілася), наўрад ці даляр да канца года перавысіць адзнаку 2 рублі 15 капеек.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя