Вадзім Іосуб: Даляр да канца году можа зраўняцца з еўра
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавядае, чаму ўзмацнілася амерыканская валюта ў адносінах да еўрапейскай.
Вадзім Іосуб: Еўра насамрэч зніжаецца ў адносінах да беларускага рубля хутчэй, чым даляр, таму што ўвогуле еўра зніжаецца да амерыканскай валюты з пачатку лютага. Пры гэтым еўра з пачатку студзеня ўзмацняўся – з 1,0340 да 1,0830. Нейкага неардынарнага зніжэння еўрапейскай валюты не адбылося, але ўмацаванне даляра можна звязаць з тым, што расце верагоднасць павелічэння адсоткавай стаўкі Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША (ФРС) у гэтым годзе.
РР: Некаторыя робяць прагнозы, што даляр увогуле можа зраўняцца з еўра. Ці рэальна гэта?
Вадзім Іосуб: На мой погляд, калі збудзецца тое, што анансавала ФРС яшчэ ў снежні мінулага 2016 году (тры крокі па павелічэнні стаўкі на працягу 2017 г.), высокая верагоднасць таго, што еўра да канца году знізіцца да парытэту з далярам. А магчыма, што на працягу года амерыканская валюта будзе і вышэйшая за еўра.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя