Вадзім Іосуб: Гэта самы моцны ўдар па інвестарах
Старшы аналітык кампаніі «Альпары-Еўразія» Вадзім Іосуб згодзен, што сёння можна казаць пра рэйдарскі захоп «Белгазпрамбанка».
15 чэрвеня Нацбанк увёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю «у мэтах абароны інтарэсаў ўкладчыкаў і крэдытораў, недапушчэння пагаршэння яго фінансавага стану».
Паўнамоцтвы праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя.
Нагадаем, што гэты банк з 2000 па май 2020 год узначальваў Віктар Бабарыка, які ў гэтым годзе з’яўляецца прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта.
Вадзім Іосуб: Я не бачу ніводнай законнай нагоды, каб адбылося тое, што адбылося. Увядзенне знешняга кіравання банкам – гэта змена каманды кіраўнікоў без згоды яго ўласніка.
Нам зараз распавядаюць, што ў дачыненні да менеджараў «Белгазпрамбанка» ўзбуджаны крымінальныя справы, але веры гэтым справам мала, яны выглядаюць вельмі палітычна матываванымі.
Нават калі б была сітуацыя, калі ўсё праўленне банка на чале з кіраўніком злавілі на тым, што яны, умоўна кажучы, елі дзяцей, то павінна быць прапанова ўласнікам змяніць гэтае праўленне. Альбо маглі прапанаваць свае кандыдатуры на ўзгадненне ўласніку.
Хаця ў свеце ёсць практыка, што банк можна перавесці на знешняе кіраванне без згоды ўласніка, калі той крадзе грошы ўкладчыкаў. Падобная гісторыя была з філіялам украінскага «Дэльта-Банка».
У нашай сітуацыі гэтага няма, бо ніхто не заяўляў, што «Газпрам» падманваў укладчыкаў і выводзіў актывы з банка. Таму, на мой погляд, Нацбанк да рашэння аб увядзенні часовай адміністрацыі ў «Белгазпрамбанку» вялікага дачынення не мае. Рашэнне прымалася на вышэйшым палітычным узроўні, а Нацбанк проста выканаўца.
РР: «Белгазпрамбанк» можа быць нацыяналізаваны?
Вадзім Іосуб: Пакуль да канца не зразумела, як далей будзе развівацца сітуацыя, але з улікам тых абсурдных крокаў, якія ўжо зроблены, можа адбыцца ўсё што заўгодна.
Забраць кіраванне ва ўласнікаў банка – гэта ўжо часткова выглядае, як нацыяналізацыя. Таму, думаю, зараз усім цікава, якім будзе адказ «Газпрама». Наўрад ці яны праглынуць такі выпад у дачыненні да іх.
РР: Ці адаб’ецца гэтая сітуацыя на інвестарах?
Вадзім Іосуб: Тое, што адбываецца, гэта не першы, але, напэўна, самы моцны ўдар па інвестыцыйным клімаце за ўвесь час існавання незалежнай Беларусі.
Разумею, што, магчыма, далёка не ўсім падабаецца расейскі «Газпрам». Нехта ўспомніць несправядлівыя цэны на газ, хтосьці ўзгадае, што гэтая кампанія можа з’яўляцца інструментам, які выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Але, калі мы кажам пра інвестыцыйны клімат, то маем на ўвазе недатыкальнасць да ўласнасці. Гэтыя інстытуты павінны працаваць, незалежна ад таго, падабаецца нам акцыянер альбо не падабаецца. І забіраць уласнасць альбо ёсць законныя падставы, альбо іх няма.
Таму выпадак з «Белгазпрамбанкам» беспрэцэдэнтны, таму што маёмасць забіраюць у такой буйной кампаніі як «Газпрам». Калі пакажуць, што нават у такога буйнога акцыянера ў Беларусі можна забраць уласнасць альбо часова пазбавіць права ёй кіраваць, то пасля гэтага любы патэнцыйны інвестар задумаецца, ці варта ў такую краіну інвеставаць грошы.
Ні маштаб кампаніі, ні палітычная вага, ні набліжанасць да палітыкі ў іншых краінах у Беларусі не дае гарантый ад незаконных рашэнняў. І хто пасля гэтага панясе ў Беларусь грошы? Адказ відавочны: ніхто.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя