Вадзім Іосуб: Моцных ваганняў рубля не будзе
Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавядае пра перспектывы ўмацавання беларускага рубля.
Сёння зранку на адкрыцці таргоў валютнай біржы беларускі рубель умацаваўся да кошыка валют на 0,03% за кошт зніжэння курсаў даляра і еўра.
Еўра ўвогуле знаходзіцца на мінімальным узроўні за апошнія 9 месяцаў. Яшчэ танней ён быў 14 студзеня 2016 г.
Вадзім Іосуб: У апошні час мы назіраем умацаванне беларускай валюты да даляра і еўра, але з іншага боку беларускі рубель зніжаецца ў адносінах да расейскага. Таму, калі меркаваць па кошту валютнага кошыка, рубель вядзе сябе дастаткова нейтральна, з ім нічога асабліва новага не адбываецца. Мы проста бачым, як расейскі рубель ўмацоўваецца да даляра і еўра, і ў мінулую пятніцу, дарэчы, ён абнавіў гадавыя максімумы. Хаця, хутчэй за ўсё, рост нафты спыніцца, бо апошнія навіны (у прыватнасці, пагадненне краін АПЕК аб замарожванні здабычы нафты) ужо “адгулялі” і пакуль новых нагод для роста цаны на нафту няма. А разам з гэтым няма нагоды і для росту расейскага рубля. Гэта азначае, што ў Беларусі спыніцца рост расейскага рубля і падзенне даляра і еўра.
РР: Валютны курс застанецца прыкладна на сённяшнім узроўні?
Вадзім Іосуб: Так. Пакуль няма нейкіх моцных нагодаў для рэзкага змянення курсаў. З іншага боку, калі раптам пачне хутка таннець нафта, то мы сутыкнёмся з тым, што пачне ўмацоўвацца даляр і таннець расейскі рубель. Хаця з пункту гледжання на кошык валют, з беларускім рублём па-ранейшаму нічога адбывацца не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя