Вадзім Іосуб: Няма падстаў для хваляванняў
Старшы аналітык кампаніі “Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб пракаментаваў дакумент, які ўводзіць валютныя абмежаванні.
У Беларусі прыняты ўказ прэзідэнта №154, які актуалізуе палажэнні закона аб валютным рэгуляванні. Пункты гэтага закона дазваляюць Нацбанку з 9 ліпеня 2021 года ўводзіць валютныя абмежаванні аж да прыпынення валютных таргоў і забароны продажу і куплі валюты ў выпадках пагрозы эканамічнай бяспекі Беларусі і стабільнасці яе фінансавай сістэмы.
Ці ёсць тут нейкія пагрозы для беларусаў, якія маюць зберажэнні ў валюце?
Вадзім Іосуб: З-за гэтага дакумента ў беларусаў павінна быць хваляванняў ні больш і не менш, чым іх было да прыняцця гэтага ўказа. Падстаў для іх няма.
Насамрэч, калі размова ідзе пра валютныя абмежаванні, то гэты дакумент не даў Нацыянальнаму банку ніякіх дадатковых паўнамоцтваў.
Думаю, што многія памятаюць, як уводзіліся абмежаванні на валютным рынку ў 2011 годзе. Як напрыканцы 2014 году ўвялі 30-адсоткавы збор на продаж валюты. Тады ж падвысілі да 50 адсоткаў і долю абавязковага продажу валюты з валютнага прыбытку.
РР: Адным словам, пры неабходнасці абмежаванні маглі ўводзіцца заўсёды?
Вадзім Іосуб: Безумоўна. Яны ўводзіліся або указамі ці дэкрэтамі, або пастановамі Нацбанка ці Саўміна.
Што зараз адбылося? Усе гэтыя магчымыя абмежаванні сабралі разам, пералічылі, унеслі ў адзін закон і канкрэтызавалі ўмовы, пры якіх абмежаванні могуць увесці. Напрыклад, запісалі, што абмежаванні могуць зацвердзіцца на тэрмін не больш чым на 1 год. Такім чынам усё стала больш зразумелым і празрыстым.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя