Вадзім Іосуб: Няма пра што размаўляць з МВФ наконт крэдыту



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавядае пра тое, на якіх умовах Міжнародны валютны фонд можа даць Беларусі крэдыт.

На днях беларуская дэлегацыя, у складзе якой будуць міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч і намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц, накіруецца ў ЗША для ўдзелу ў сесіі МВФ.

Ці пойдзе там размова пра атрыманне Беларуссю крэдыта, і якія шанцы, у рэшце рэшт, яго атрымаць?

Вадзім Іосуб: Я б не стаў сцвярджаць, што на гэтай сесіі абавязкова адбудуцца перамовы па пытанні атрымання Беларуссю крэдыта. У МВФ праходзяць рэгулярныя пасяджэнні, і беларуская дэлегацыя заўсёды ўдзельнічае ў гэтых мерапрыемствах.

Да таго ж, вядома, што перамовы па крэдыту МВФ былі, па сутнасці, прыпынены беларускім бокам. Не хацела кіраўніцтва Беларусі займацца першачарговымі мерамі, якія неабходны з пункта гледжання Міжнароднага валютнага фонда хаця б для пачатку прадметных перамоваў. Размова ідзе пра сур’ёзнае вырашэнне праблемы неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў. І за той час, калі гэтыя перамовы былі прыпынены, не было заўважана, каб у беларускага кіраўніцтва змяніліся падыходы.

РР: Але ўвесь час улады кажуць пра падвышэнне эфектыўнасці дзяржаўных прадпрыемстваў…

Вадзім Іосуб: Пра гэта ўжо гадоў пятнаццаць кажуць. Заяўляюць пра паляпшэнне карпаратыўнага кіравання, але пытанні банкруцтва неэфектыўных прадпрыемстваў, звязаныя з гэтым пытанні сацыяльнай падтрымкі людзей, якія пры гэтым губляюць працу, не проста не вырашаюцца, а нават прадметных размоў на такую тэму няма.

Таму, як мне падаецца, без змены падыхода да неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў асабліва няма пра што размаўляць наконт крэдыту і з Міжнародным валютным фондам. Можна, натуральна, у чарговы раз папрасіць грошай, але пры гэтым нічога ў эканоміцы не змяняць, але не ў першы раз такая спроба нічога і не дасць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя