Вадзім Іосуб: Пастаўкі нарвежскай нафты – важны палітычны крок
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў пра тое, ці вырашаць праблему для Беларусі пастаўкі нарвежскай нафты.
Як паведаміла агенцтва Reuters, Беларусь пачынае імпарт нарвежскай нафты. Танкер з 80.000 тон сыравіны мае прыбыць у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня. Далей нафта будзе дастаўлена чыгункай на Наваполацкі НПЗ.
Расея спыніла пастаўкі нафты з 1 студзеня, пасля таго як кампаніі Беларусі і Расеі не змаглі сысціся ў цане. Аднак перад гэтым Расея абумовіла захаванне нізкіх коштаў на нафту і газ паглыбленнем інтэграцыі, што выклікала ў Беларусі трывогу і пратэсты.
Вадзім Іосуб: Як вядома, пакуль размова ідзе пра зусім невялікі аб’ём нарвежскай нафты – 80 тысяч тон. Гэтага хопіць усяго на 2-3 дні загрузкі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Адным словам, гэтая партыя не вырашае пытанне замяшчэння расейскай нафты.
Была інфармацыя, што ў будучым пастаўкі могуць быць павялічаны да 2-3 мільёнаў тон нафты ў год, але нават гэта поўнасцю не закрые праблему, бо нафты неабходна значна больш. Як вядома, з Расеяй вяліся перамовы наконт паставак у межах 18-24 мільёнаў тон нафты ў год.
РР: Нарвежская нафта будзе даражэйшая за расейскую?
Вадзім Іосуб: Так, калі ўлічваць транспартныя выдаткі. І будзе даражэйшая нават з улікам прэміі, якую хочуць атрымліваць ад беларускага боку расейскія заводы.
І, нягледзечы на ўсе гэтыя фактары, пастаўкі нарвежскай нафты – гэта важны палітычны крок. У любым выпадку добра мець нейкую альтэрнатыву расейскай нафце. Хаця б частковую альтэрнатыву ёй.
Зразумела, што даражэй, але гэта ў пэўнай ступені пазбаўляе Расею статуса манапольнага пастаўшчыка нафты. І, суадносна, змяншае (хаця часткова не прыбірае) магчымасць палітычнага ціска на Беларусь праз нафтавы кран.
РР: На ваш погляд, якія далейшыя перспектывы паставак у Беларусь нарвежскай нафты?
Вадзім Іосуб: Магчыма, Беларусь нават не будзе закупляць заяўленыя 2-3 мільёны тон, але зусім верагодна, што гэта паскорыць, каб Беларусь і Расея выйшлі на нейкае пагадненне па нафтавым пытанні.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя