Вадзім Іосуб: Павышэнне заробкаў прывядзе да росту інфляцыі
У наступным годзе тэмп росту заробкаў работнікаў бюджэтнай сферы будзе апярэджваць тэмпы інфляцыі. Ці ёсць у краіне ўмовы, каб павышаць заробкі бюджэтнікам? Аб гэтым распавядае фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб.
Аб тым, што ў 2015 годзе тэмп росту заробкаў работнікаў бюджэтнай сферы будзе апярэджваць тэмпы інфляцыі, заявіў беларускі прэм’ер Міхаіл Мясніковіч падчас сустрэчы з дэпутатамі, міністрамі эканомікі і фінансаў і прадстаўнікамі Нацбанку Беларусі. Мясніковіч дадаў таксама, што некалькі палепшацца і суадносіны памеру сярэдняга заробку бюджэтнікаў з сярэднім заробкам у цэлым па краіне.
Вадзім Іосуб: Для таго, каб не ствараць пагрозы эканамічнай стабільнасці, заробкі павінны расці не большымі тэмпамі, чым рост вытворчасці працы. Наўпрасткі гэта з інфляцыяй не звязана. Пры гэтым гарантый, што рост вытворчасці працы ў наступным годзе будзе большым, чым інфляцыя, няма. З іншага боку трэба разумець, што 2015 год – гэта год выбараў. А значыцца, зусім верагодна, што рост заробкаў у гэты час можа адбывацца без адпаведнага стрымлівання.
РР: Гэта можа выклікаць рост інфляцыі?
Вадзім Іосуб: Так. Кожнае павышэнне заробкаў прывядзе да дадатковага росту інфляцыі, а значыцца ізноў трэба будзе падымаць заробкі… Можа атрымацца вельмі нядобрая спіраль.
РР: На колькі могуць павялічыць заробкі бюджэтнікам у наступным годзе?
Вадзім Іосуб: Прагнозы па інфляцыі ўрада вядомыя – яны разлічваюць, што ў 2015 годзе кошты вырастуць не больш, чым на 12 працэнтаў. Зыходзячы з гэтых урадавых планаў, можна чакаць і суадноснага росту заробкаў. Але што будзе на самай справе у наступным годзе, меркаваць дастаткова складана. Планы і рэальнасць нярэдка бываюць рознымі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя