Вадзім Іосуб: Рашэнне пра дэнамінацыю было нечаканым



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб пракаментаваў рашэнне ўладаў правесці ў наступным годзе дэнамінацыю.

Вадзім Іосуб

Вадзім Іосуб: Звычайна дэнамінацыяй завяршаюць нейкі перыяд высокай інфляцыі. І, калі праводзяць дэнамінацыю і пры гэтым нават запускаюць у абарот манеты, то гэта як бы азначае, што, на думку ўладаў, перыяд высокай інфляцый прайшоў і ў бліжэйшай будучыні паўтору такога сцэнара не чакаецца. Відаць, якраз для таго, каб прадэманстраваць сваю упэўненасць у будучыні беларускага рубля, кіраўніцтва краіны зараз і абвясціла пра правядзенне дэнамінацыі.

РР: У свой час былая кіраўніца Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова заяўляла, што дэнамінацыю можна праводзіць, калі інфляцыя стане меншай за 10 адсоткаў. Няўжо ўлады збіраюцца выйсці на гэтыя лічбы ў наступным годзе?

Вадзім Іосуб: Ёсць правіла, што дэнамінацыю трэба праводзіць, калі інфляцыя нізкая. Але дастаткова ўмоўна, якую лічбу лічыць за нізкую інфляцыю – 9, 10 альбо 12 адсоткаў. Няма ніякага жорсткага эканамічнага закону, што пры 10 адсотках можна праводзіць дэнамінацыю, а пры 12 нельга. Але ў любым выпадку – чым менш, тым лепш. Хоць асабіста для мяне, як і для большасці, рашэнне пра дэнамінацыю было нечаканым. Многія на самой справе меркавалі, што Нацбанк будзе чакаць зніжэння інфляцыі. Але сёння, праводзячы дэнамінацыю, тым самым падкрэсліваецца, што пры новай крэдытна-грашовай палітыцы інфляцыя пачала замаруджвацца. Па выніках года Нацбанк плануе выйсці на 15-16 адсоткаў. У прагнозах на наступны год закладзены 12 адсоткаў інфляцыі. Таму нейкіх моцных супрапаказанняў для дэнамінацыі няма.

РР: Як, на ваш погляд, насельніцтва перажыве чарговую дэнамінацыю?

Вадзім Іосуб: Тут ёсць два цікавыя моманты. Па-першае, трэба разумець, што дэнамінацыя – гэта не эканамічнае, а тэхнічнае мерапрыемства. Маецца на ўвазе, што дэнамінацыя ніяк не адаб’ецца на дабрабыце народу і на стане фінансавай сістэмы. Ад гэтага ніхто не стане ні багацейшым, ні бяднейшым, рубль не паслабіцца і не ўмацуецца. Гэта аб’ектыўная рэч. Але другі важны чыннік – момант масавай псіхалогіі насельніцтва. Многія людзі нярэдка не разумеюць тэрмін “дэнамінацыя” і нават блытаюць яго з дэвальвацыяй. Маўляў, дзяржава хоча нас чарговы раз абрабаваць, заўтра мы станем бяднейшымі… Таму не выключаю, што будуць асобныя спробы запанікаваць. І можна дапусціць, што заўтра хтосьці пабяжыць у краму купляць для сябе трэці халадзільнік, а нехта адправіцца ў абменнікі. Але, мяркую, такі эфект будзе вельмі кароткатэрміновым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя