Вадзім Іосуб: Рост даляра працягнецца
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў, чаму дэвальвуецца беларускі рубель.
Па выніках таргоў 7 верасня курс даляра падскочыў да максімума за 921 дзён, еўра – да максімума – за 142 дні.
Даляр вырас на 0,0186 рубля до 2,1389 BYN/USD, еўра – на 0,0230 рубля да 2,4894 BYN/EUR.
Расейскі рубель знізіўся на 0,0049 да 3,1012 беларускага за 100 адзінак. Вадзім Іосуб: На рост даляра ўплываюць некалькі рэчаў. Па-першае, ёсць глабальны фактар, бо адначасова на працягу апошніх некалькіх тыдняў і амаль у штодзённым рэжыме даляр даражэе практычна да ўсіх валют краін, якія развіваюцца. Актыўна падала ўкраінская грыўна, казахскі тэнге, расейскі рубель, турэцкая ліра, індыйская рупія, аргенцінскі песо і гэдак далей. І многія з гэтых валют падаюць куды хутчэйшымі тэмпамі, чым беларускі рубель. Гэта агульная тэндэнцыя, калі інвестары бягуць з эканомік краін, якія развіваюцца, хаця ў асобных краінах, безумоўна, ёсць і свае ўнутраныя прычыны падзення нацыянальнай валюты. Калі інвестары хочуць сысці, скажам з Расеі ці Ірана, яны падымаюць хвалю.
РР: У Беларусі Нацбанк не ўмешваецца ў фарміраванне валютнага курса?
Вадзім Іосуб: Апошнія два тыдні ў Беларусі рост курса даляра нават паскорыўся і, можна меркаваць, звязана гэта з тым, што Нацбанк можа рабіць дадатковыя інтэрвенцыі на біржы для таго, каб набыць валюту для золатавалютных рэзерваў і штучнага аслаблення беларускага рубля.
З пачатку года, калі расейскі рубель моцна падаў да даляра (а рабіў ён гэта рэгулярна), то ў Беларусі даляр умацоўваўся ў дачыненні да беларускага рубля, а расейскі зніжаўся. І гэта была натуральная рэакцыя. Але ў апошнія два тыдні ў Беларусі амаль штодня рос не толькі даляр, але і расейскі рубель, які ў Расеі зніжаўся. Таму можна меркаваць, што тут справа не абышлася без умяшальніцтва Нацбанка.
РР: Які далейшы прагноз?
Вадзім Іосуб: Мяркую, што рост даляра да беларускага рубля працягнецца, бо Расею чакаюць новыя санкцыі, а наша нацыянальная валюта наўпрост залежыць ад расейскай. Будзе падзенне расейскага рубля – знізіцца і беларускі. А вось наколькі дэвальвуецца беларускі рубель, будзе залежыць ад таго, наколькі жорсткія санкцыі заходнія краіны прымуць у дачыненні да Расеі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя