Вадзім Іосуб: Рубель будзе зніжацца, але марудна



Старшы аналітык кампаніі “Альпары-Еўразія” Вадзім Іосуб прагназуе, што чакае ў бліжэйшай будучыні беларускую нацыянальную валюту.

5 кастрычніка даляр, еўра і расейскі рубель падаражэлі да беларускага рубля па выніках таргоў Беларускай валютна-фондавай біржы. Кошт валютнага кошыка падняўся на 0,13% да максімуму амаль за два тыдні. 6 кастрычніка валютны кошык ізноў падаражэў – на 0,03 адсоткі.

Вадзім Іосуб: Калі ўспомніць мінулыя дэвальвацыі (напрыклад, падзенне рубля ў жніўні гэтага года), калі валютны кошык мог вырасці за дзень больш чым на 1 адсотак, то сённяшнія ваганні валюты не такія значныя, каб іх асобна аналізаваць альбо спецыяльна з гэтага рабіць нейкія высновы.

РР: Што ў бліжэйшай перспектыве чакае беларускі рубель?

Вадзім Іосуб: Яго чакае зніжэнне, але пры гэтым яно будзе дастаткова маруднае. Каб нацыянальная валюта абвальвалася хутка, для гэтага на руках у насельніцтва і прадпрыемстваў павінна быць шмат рублёў, каб на іх купляць валюту.

Лішку рублёў ні ў насельніцтва, ні ў прадпрыемстваў няма, таму, як ужо казаў, беларускі рубель будзе зніжацца сумна і марудна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя