Вадзім Іосуб: Рубель працягне зніжацца



Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавядае, ці працягнецца падзенне нацыянальнай валюты.

Апошнімі днямі беларускі рубель таннее да даляра і еўра, а амерыканская валюта ўмацоўвалася на біржы адзінаццаць таргоў і зараз набліжаецца да гістарычнага максімуму.

Вадзім Іосуб: Адбываюцца дзве незалежныя рэчы, якія накладваюцца адна на адну. Па-першае, зніжаецца беларускі рубель. Гэта бачна па тым, што расце кошт валютнага кошыка, хаця робіцца гэта дастаткова паступова. З пачатку года валютны кошык вырас менш чым на 2 адсоткі.

Другая тэндэнцыя – рост даляра на сусветным рынку. Даляр актыўна расце да валют, уключаючы еўра і расейскі рубель. Пара «еўра-даляр» апусцілася да адзнакі амаль 1,09 і гэта мінімальнае значэнне з пачатку верасня мінулага года. Да расейскага рубля даляр таксама падаражэў да ўзроўню пачатку снежня мінулага года.

Калі гэтыя дзве тэндэнцыі накладваюцца адна на другую, беларускі рубель пачынае зніжацца, а ўсе астатнія валюты растуць. І даляр расце больш імкліва, чым астатнія.

РР: Ці працягне абясцэньвацца беларускі рубель?

Вадзім Іосуб: Тэндэнцыя па зніжэнні рубля, хутчэй за ўсё, будзе працягнутая. Па меншай меры, да таго часу, пакуль сур’ёзна не павялічацца пастаўкі нафты з Расеі і не вырасце экспарт нафтапрадуктаў.

Замежныя валюты даражэць будуць, а вось хуткасць росту асобных валют будзе залежыць ад таго, што з імі будзе адбывацца на валютных рынках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя