Вадзім Іосуб: Стаўкі па крэдытах зменшацца



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў, чаму стаўка рэфінсавання ў Беларусі 20 лістапада дасягне рэкордна нізкай адзнакі.

Як вядома, з 20 лістапада Нацбанк зніжае стаўку рэфінсавання з 9,5 да 9 адсоткаў гадавых.

Вадзім Іосуб: Гэта стане рэкордным зніжэннем стаўкі рэфінсавання за час існавання суверэннай Беларусі, і перадумовы для гэтага на сёння ёсць. Размова ідзе пра дастаткова ўстойлівае зніжэнне інфляцыі ў гадавым выражэнні, у тым ліку, зніжэнне і базавай інфляцыі. Гэта тое, што залежыць ад манетарнай палітыкі Нацбанка.

З ліпеня па верасень інфляцыя ў нас знізілася з 6,2 адсоткаў да 5,3 – на 0,9 адсоткавыя пункты. Адным словам, зніжэнне стаўкі рэфінансавання ідзе прапарцыйна зніжэнню інфляцыі.

А ўвогуле, для эканомікі мае значэнне рэальная адсоткавая стаўка – намінальная стаўка мінус інфляцыя. Калі інфляцыя зніжаецца на 1 адсоткавы пункт і стаўка рэфінансавання на столькі ж, то рэальна яна не змяняецца.

РР: Ці можа ў бліжэйшы час стаўка рэфінансавання яшчэ знізіцца?

Вадзім Іосуб: Гэта будзе залежыць ад таго, якім чынам далей будзе сябе паводзіць інфляцыя. Да канца года Нацбанк плануе інфляцыю да 5 адсоткаў і ў гэтых межах плануе трымаць яе ў наступным годзе.

Калі сам Нацыянальны банк не бачыць магчымасці істотнага зніжэння інфляцыі ў параўнанні з цяперашнім узроўнем, то значыцца пакуль не бачна патэнцыяла і для зніжэння стаўкі рэфінансавання. Хаця тэарэтычна магчымы варыянт, які Нацбанк раней не прымяняў. Пры зніжэнні інфляцыі да 5 адсоткаў можна зменшыць стаўку рэфінсавання, скажам, на 0,25 адсотка.

РР: Ці стануць зараз больш таннымі крэдыты для фізічных асобаў?

Вадзім Іосуб: Мяркую, што гэта адбудзецца. Па-першае, вельмі шмат крэдытных прадуктаў наўпрост прывязаны да стаўкі рэфінансавання. Магчыма, услед за гэтымі стаўкамі будуць падаць і стаўкі па іншых крэдытах.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя