Вадзім Іосуб: Усё будзе залежыць ад сітуацыі на нафтавым рынку



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб прагназуе, якія могуць быць далейшыя перспектывы для беларускага рубля.

Чарговае зніжэнне кошту нафты на сусветных рынках 12 сакавіка ізноў пацягнула за сабой падзенне беларускага рубля ў адносінах да даляра і еўра. Што далей?

Вадзім Іосуб: Як вядома, курс беларускага рубля да даляра залежыць ад расейскага рубля, які ў сваю чаргу залежыць ад кошту на нафту. Зніліся кошты на нафту – пайшла ўніз расейская нацыянальнай валюта, а разам з ёй і беларуская.

Учора цана нафты аднавілася да 40 даляраў да барэля, і на гэтым фоне расейскі і беларускі рубель умацоўваліся. Але сёння нафта патаннела да 35 даляраў за барэль, і рубель ізноў патаннеў у дачыненні да даляра і еўра.

Але трэба адзначыць цікавы момант – у цэлым сёння беларускі рубель да валютнага кошыка ўмацоўваецца.

РР: Якія далейшыя прагнозы?

Вадзім Іосуб: Усё будзе залежыць ад таго, што будзе адбывацца на нафтавым рынку. Калі вечарам паглядзець, якая сітуацыя на рынку нафты, то можна з высокай доляй верагоднасці сказаць, што будзе заўтра з курсам беларускага рубля.

Што датычыцца прагнозаў наконт бліжэйшай будучыні, то на нафтавым рынку сітуацыя непрадказальная. На рынак можа ўплываць многія фактары, у тым ліку, і зніжэнне альбо павелічэнне попыта на нафту з-за эпідэміі каронавіруса, а мы не не ведаем, што з гэтай эпідэміяй будзе заўтра.

Пакуль што вядома, што краіны-вытворцы нафты пакуль, відаць, не збіраюцца аднаўляць перамовы, а таму кожная з краін, якая здабывае нафту, будзе імкнуцца максімальна здабываць і прадаваць чорнае золата на сусветных рынках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя