Вадзім Іосуб: Ёсць людзі, якія эканомяць кожную капейку



Старшы аналітык кампаніі “Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб распавёў пра тое, ці будзе карыстацца попытам паслуга, якая дазваляе купляць прадукты ў крэдыт.

Днямі сервіс “Е-дастаўка” паведаміў, што цяпер любыя тавары можна купляць у крэдыт. У тым ліку, і прадукты.

Вадзім Іосуб: Размова ідзе пра крэдытны прадукт, у якога, відаць, будзе свая аўдыторыя. Для кагосьці такая паслуга будзе нецікавая, а нехта ёй і скарыстаецца.

Для тых, хто мае добры заробак, гэта, безумоўна, неактуальна. Яны прадукты ў крэдыт не бралі і не будуць браць. Але ёсць частка насельніцтва, у якіх даходы маленькія, і людзі эканомяць кожную капейку, купляючы ў магазінах толькі самыя неабходныя і самыя танныя тавары. І маюцца тыя, хто з-за нейкіх абставін не можа дацягнуць да зарплаты. Таму пэўная аўдыторыя ў такога крэдытавання будзе.

РР: Ці сведчыць такое крэдытаванне, што народ бяднее, а агульны ўзровень жыцця зніжаецца?

Вадзім Іосуб: Многія, безумоўна, так і каментавалі гэтую навіну: маўляў, дакаціліся да таго, што людзям даводзіцца купляць ежу ў крэдыт. Але, на мой погляд, да гэтага трэба ставіцца проста як да новага крэдытнага прадукта. Крэдыт – гэта той інструмент, якія пашырае магчымасці пакупніка набыць тое, на што ў гэты момант не хапае грошай. І адначасова ён дазваляе зарабіць таму, хто прадастаўляе грошы.

Таму не трэба глядзець на новы крэдытны прадукт у плане ацэнкі, ці больш беднымі сталі беларусы. Для гэтага ёсць статыстыка па сярэднім заробку, лічбы па рэальных даходах насельніцтва і гэтак далей.

РР: Наколькі зручна купляць прадукты ў крэдыт?

Вадзім Іосуб: Калі ў пакупніка ёсць грошы, то тады наогул няма ніякага сэнсу звяртацца да крэдытавання. З іншага боку, калі чалавек вырашыў купіць прадукты, а зарплата толькі праз тыдзень, то чаму б і не? Калі сёння есці хочацца, то можна і крэдытам скарыстацца.

Тым больш, крэдыт можна вярнуць датэрмінова без ніякіх дадатковых камісій і штрафаў. Таму, калі купіў прадуктаў, скажам, на 60 рублёў, то гэта не азначае, што ты павінен гэтыя грошы аддаваць. Вярнуць іх можна ў любы момант.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя