Вадзім Іосуб: Задача ўладаў – “адвязацца” ад валюты
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб мяркуе, што дэдалярызацыя эканомікі – правільны шлях.
Урад і Нацыянальны банк зацвердзілі комплекс сумесных мерапрыемстваў па зніжэнні ўзроўню далярызацыі эканомікі, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц. Банкам рэкамендавана праводзіць паслядоўнае зніжэнне верхняга ўзроўню працэнтных ставак па валютных укладах (дэпазітах) фізічных і юрыдычных асоб»
Вадзім Іосуб: Зніжэнне ўзроўню далярызацыі эканомікі – гэта, безумоўна, рух у правільным накірунку. Высокая далярызацыя эканомікі пазбаўляе Нацбанк магчымасці кіраваць эканамічнымі працэсамі. Усё, на што можа ўплываць Нацыянальны банк, гэта сфера абароту рубля. Тое, што адбываецца з далярам, на гэта ў першую чаргу ўплывае палітыка федэральнага рэзерва, а не Нацбанк. Суадносна, адмена прывязкі розных тарыфаў і выплат да валюты і паступовае змяншэнне долі валютных крэдытаў і дэпазітаў у эканоміцы – абсалютна правільны шлях. Гэта дэкларавалася дастаткова даўно, а зараз ва ўладаў ёсць сур’ёзны намер “адвязаць” прывязку да валюты. Мы ж бачым, што ў краіне і арэнда налічваецца ў еўра, і транспартны падатак – таксама… Ад гэтага паступова будуць адмаўляцца.
РР: Ці застануцца ў такім выпадку прывабнымі валютныя дэпазіты для насельніцтва?
Вадзім Іосуб: Гэта будзе залежыць ад таго, што будзе адбывацца з беларускім рублём, ад тэмпаў дэвальвацыі. Пры стабільным рублі ў выйгрышы акажуцца дэпазіты ў нацыянальнай валюце. Дарэчы, у мінулым годзе дэпазіты ў беларускіх і расейскіх рублях за кошт больш высокай адсоткавай стаўкі былі куды больш выгоднымі, чым уклады ў далярах і еўра. У апошні час Нацбанк імкнецца праводзіць такую адсоткавую палітыку, каб уклады ў рублях былі больш прывабнымі, чым у валюце. І, тым не менш, доля валютных дэпазітаў па-ранейшаму дастаткова вялікая. Калі казаць пра тэрміновыя ўклады, то доля валютных складае больш за 80 адсоткаў. Але, паўтаруся, Нацыянальны банк зацікаўлены ў тым, каб як мага больш людзей захоўвалі свае зберажэнні ў нацыянальнай валюце.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя