Вадзім Мажэйка: Закрыццё пунктаў на мяжы – дзейсны ціск на рэжым
Пасля прысуду над Пачобутам быў закрыты пункт пропуска на мяжы Баброўнікі – Бераставіца.
Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка лічыць гэта ціскам на рэжым :
– Закрываць памежныя пункты пропуску – гэта можа быць дзейсным інструментам ціску на рэжым у Менску. І палякі гэта добра ведаюць. Прынамсі з міграцыйнага крызісу. Бо мяркую, што крызіс на мяжы спыніўся ў той момант, калі палякі прыгразілі спыніць транзіт праз беларускую тэрыторыю. І ў такой сітуацыі, канешне, палякі гэта памятаюць. Таму не дзіва, што ў сітуацыі прысуду Пачобуту выкарыстоўваюць той самы інструмент ціску.
Аналітык Мажэйка ўпэўнены, што літоўцы маюць рацыю з затрыманнем грузавікоў з гарадзенскага «Азоту», якія ехалі праз Літву.
– Сам той факт, што гэтыя грузавікі з угнаеннем, падсанкцыйныя, якія на мяжы спынілі дзякуючы актывістам Беларускага расследавальніцкага цэнтру і Рабочага руху, гэта, канешне, падзяка гэтым арганізацыям, але гэты факт сведчыць, што ёсць вялікія недапрацоўкі з боку адпаведных органаў Польшчы і Літвы. Бо іхнія службы павінны такое спыняць, а не беларускія актывісты.
Вадзім Мажэйка лічыць, што ў суседніх з Беларуссю краінах пашырыцца барацьба з кантрабандаю, і гэта паўплывае на тое, каб у гэтых краінах захоўваўся нармальны еўрапейскі прававы асяродак.
Беларускае Радыё Рацыя